«З якой стараннасцю прапагандысты вылізваюць ад любой прыкметы расейскасці злачынцаў-расейцаў»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра ролю расейскіх калабарантаў у акупацыі Беларусі.

– БТ і гомельская пракуратура хоча выдаць за «беларускага калабаранта» расейскага злачынца, – піша Гурневіч. – Паглядзіце, якія цынічныя і вартыя жалю інструменты яны выкарыстоўваюць, каб «справай аб генацыдзе» вырашаць свае палітычныя мэты.

Тэма стратаў Беларусі падчас вайны – бездыскусійная. Наша краіна, як піша амерыканскі гісторык Снайдэр, пацярпела ад злачынстваў нацыстаў найбольш, разам з Польшчай і Ўкраінай.

Дзмітрый Гурневіч

Рэжым выкарыстоўвае гэтую эмацыйную тэму, каб біць па сваіх апанентах, якіх ён ужо ахрысціў «ідэйнымі нашчадкамі калабарантаў». Але вечна нацягваць саву на глобус, паказваючы тыя самыя кадры з першамайскага шэсця з бел-чырвона-белым сцягам у Менску пад акупацыяй, немагчыма.

У ход ідзе ўжо іншая тактыка – прыпісваць беларусам чужых злачынцаў і маўчаць пра нюансы, якія могуць паказаць карціну падзеяў зусім інакш.

Вось на БТ выйшаў чарговы фільм – пра гомельскага калабаранта Васілія Кардакова. У відэа выступаюць – супрацоўнік мясцовага музея, гісторык, пракурор. Яны расказваюць гледачам сапраўды страшныя рэчы і ўсе яны праўда.

Пра тое, як Кардакоў быў палкоўнікам Чырвонай арміі, камандаваў артылерыяй, а пасля здрадзіў – стаў камендаднтам лагера для ваенапалонных у Гомелі (пры ім там загінула 20 тысяч чалавек, як гаворыцца ў фільме), затым узначаліў Гомельскую гарадскую паліцыю, а пасля і абласную.

Паліцыя Кардакова ў Гомелі праводзіла аперацыі супраць партызанаў, паліла вёскі, арыштоўвала. Кардакоў асабістаў вешаў і расстрэльваў.

Увесь наратыў пабудаваны так, што не агучваючы пра Кардакова дэталяў, глядач разумее, што гэта нейкі мясцовы беларус, які пайшоў служыць ворагу і стаў злачынцам. Прынамсі менавіта такая карціна склалася ў маёй галаве. Яе замацаваў сваімі словамі гомельскі пракурор, які сказаў:

– На самом деле это такая очень, с негативной точки зрения, одиозная фигура для города Гомеля, с учётом того, что это был в принципе довольно высокопоставленный военнослужащий, полковник, – кажа ён.

Пасля гэтых словаў я быў перакананы, што Кардашоў быў гамяльчуком. (Пра яго жыццё да вайны сказана не больш за два сказы, што быў «белагвардзейцам», а пасля ў Чырвонай арміі). Але ён насамрэч не меў дачынення да Гомеля, акрамя злачынстваў, якія там учыніў. Ды і да Беларусі ён не мае дачынення.

Дзякуючы тром клікам я даведаўся, што гэта расеяц, нарадзіўся ў Тбілісі. Вучыўся ў ваеннай школе ў Стаўрапольі, служыў у Растове, пазней выкладаў у Ленінградскай артылерыйскай школе, стаў яе ад'юнктам.

У часы Вялікага тэрору Кардакоў кар'ерна вырас. І толькі пасля нападу немцаў на СССР ён апынуўся ў Гомелі, трапіўшы ў палон.

У фільме БТ і Генпракуратуры старанна пазбягаецца яго расейскасць. Відавочна, што гэта была задума аўтараў і яны моцна стараліся, каб гэта не прагучала. Калі ж гаворка заходзіць пра яго лёс пасля вайны, то дыктар кажа, што ён уцёк у Германію і працаваў там на амерыканскую выведку.

У гэты час некалькі секундаў на экране дэманструецца архіўны дакумент, у якім дробнымі літарамі гаворыцца, што Кардакоў працаваў на Ўласава. І гэта я расчытаў, паставіўшы відэа на паўзу, у гледача на тв такой магчымасці не было. І ці ведае кожны глядач, хто такі гэты Ўласаў. То бок глядач не даведаецца, што гаворка ідзе пра расейскіх калабарантаў, пра «Русскую освободительную армию».

Згадваецца ў фільме і пра нацысцкую газету «Новый путь», якую называюць «рупаром идей нацистов в Гомеле», «она выдавалась на русском языке и издавалась под присмотром немецких военных властей местными коллаборантами».

Але гэтую газету, насамрэч, выдавалі не ў Гомелі. Нават у кадрах відэафільма бачна, што яна выдавалася ў Клінцах (Бранская вобласьць). Гэта была газета расейскіх калабарантаў, якую распаўсюджвалі ў тым ліку і ў Гомелі. Але выдаваць яе пачынала смаленская гарадская ўправа падчас нямецкай акупацыі. І менавіта яе мы бачым на кадрах фільма.

Дарэчы, газета пад такой назвай выдавалася і ў Бабруйску. І яе выдавалі … таксама расейскія калабаранты. Таму што немцы падчас акупацыі зрабілі Бабруйск своесаблівым цэнтрам расейскіх нацысцкіх арганізацый.

Туды накіроўвалі расейскіх калабарантаў з Арла і Смаленску. Туды і пераехала нацысцкая газета «Новый путь» (дарэчы, там дзейнічаў адзін з галоўных нацысцкіх прапагандыстаў Міхаіл Актан, а таксама адзін са сваякоў «бесагона» Мікіты Міхалкова). Там жа быў створаны Саюз расейскай моладзі. І… увага, менавіта туды з Гомеля перабіраецца Васілій Кардакоў. З пачатку 1943 году гэты расеяц узначальваў бабруйскую паліцыю.

Падчас акупацыі хапала і злачынцаў-беларусаў. Гэтага ніхто не аспрэчвае. Незалежныя ад улады гісторыкі і выданні пішуць пра гэта ўсе гады незалежнасці.

Але як жа мярзотна выглядае спроба прапагандыстаў пры любой нагодзе «выкрыць» у нацызме беларускую мову, беларускі сцяг, якія падчас вайны выкарыстоўваліся на акупаванай Беларусі. І з якой стараннасцю гэтыя «генпракуратуры» і БТ вылізваюць ад любой прыкметы расейскасці злачынцаў-расейцаў.

Каб ані слова, ані знаку, каб беларус крый Божа не дазнаўся пра ролю расейскіх калабарантаў у гісторыі акупацыі Беларусі.

І гэта робяць беларусы. Што казаць, рыхтык як тая акупацыйная адміністрацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(58)