Общество

Вячку Целешу — 85: «Кожны мастак марыць, каб яго працы захоўваліся на Бацькаўшчыне»

Беларускі мастак, пэдагог, філякартыст, краязнавец і грамадзкі дзеяч Вячка Целеш нарадзіўся ў мястэчку Краснасельскі Ваўкавыскага павету на тэрыторыі былой другой Рэчы Паспалітай, але ўжо 65 гадоў жыве і працуе ў Рызе.

Ён быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», а таксама ініцыятарам і першым дырэктарам дзяржаўнай Рыскай беларускай пачатковай і Рыскай беларускай асноўнай школ.

— Я стаў мастаком, аб чым марыў зь дзяцінства, — распавядае Вячка Целеш у размове з Радыё Свабода. —  Мае мастацкія працы захоўваюцца ня толькі ў Латвіі, але і на Бацькаўшчыне: у Нацыянальным музэі ў Менску, у Горадзенскім гісторыка-археалягічным музэі, у Ваўкавыскім музэі і ў музэі мястэчка Краснасельскі. Кожны мастак марыць, каб яго працы захоўваліся на Бацькаўшчыне.

У 2013-м я выдаў кнігу аб радаводзе Краснасельскіх Целешаў да дзясятага калена, а гэта помнік усім Целешам вёскі Краснае Сяло (цяпер вул. Савецкая ў г. п. Краснасельскі), дзе я нарадзіўся і адкуль мой род.

Адзінае, што яшчэ не пасьпеў, дык гэта выдаць кнігу-каталёг пра гісторыю беларускіх паштовак, але я над ёй працую і спадзяюся яе выдаць.

Чым вядомы Вячка Целеш

Вячка Целеш — мастак, які працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў эксьлібрысе.

Сярод ягоных жывапісных работ вылучаюцца «Нацюрморт з ручніком» (1977), «Нацюрморт з жалейкай» (1987), «Інтэграцыя. Нацюрморт з беларускім бальзамам» (2014), «Нацюрморт з салам» (2015). «Успамін пра Тэрветэ» (2023).

А таксама шэраг партрэтаў славутых землякоў і сучасьнікаў: «Першаму беларускаму драматургу прысьвячаецца» (В. Дунін-Марцінкевіч, 1983), «Мой мацярык Віцебшчына» (паэт С.Панізнік,1986), «У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына» (1990), «Першыя крокі ў сьвет. Ф. Скарына ў Рызе» (1990) і іншыя.

Жывапісныя і графічныя творы Вячкі Целеша захоўваюцца ў музэях і прыватных зборах Беларусі, Латвіі, Даніі, Італіі, ЗША, Канады, Ізраіля, Кітая, Партугаліі, Расеі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швайцарыі.

Аўтар кніг «Мінск на старых паштоўках» (1984), «Рыга на старых паштоўках» (1991), «Гарады Беларусі на старых паштоўках».

Аўтар манаграфій «Адсюль наш род, тут мой прычал», «Беларускія мастакі ў Латвіі».

У 1997 годзе за асабістыя заслугі Сэйм надаў Вячку Целешу латвійскае грамадзянства.

Ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру (1999) за кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках».

У 2006 годзе ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвійскай дзяржавы — Ордэнам Трох Зорак ступені афіцэра, а ў 2018 — мэдалём Рады БНР да 100-годзьдзя Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У 2018-м прызнаны Настаўнікам году гораду Рыгі, стаў ляўрэатам прэміі ў намінацыі «За доўгагадовы ўнёсак у адукацыю па інтарэсах».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)