Тышкевіч: «Улады разумеюць, калі нічога не рабіць, лёс бліжэйшага атачэння Лукашэнкі і яго самога, мякка кажучы, незайздросны»

Палітычны аналітык — пра пачатак «гандлю» палітвязнямі і іншыя абставіны, якія прымушаюць беларускага кіраўніка мяняць пазіцыю.

Ігар Тышкевіч на сваім канале паспрабаваў расшыфраваць сігналы, якія апошнім часам дасылае на Захад афіцыйны Мінск.

— Акрамя анансаванай амністыі было некалькі цікавых рэчаў, — звярнуў увагу Тышкевіч. — У Расіі адбываецца мабілізацыя, і кіраўнік Савета бяспекі Беларусі ляціць у РФ, пасля кажа, што ў Беларусі мабілізацыі не будзе.

Ігар Тышкевіч

Другі сігнал — гэта выступ Макея на Генасамблеі ААН. Упершыню за апошнія месяцы ён наўпрост сказаў, што санкцыі яшчэ больш зацягнулі Беларусь у абдымкі Расіі. Давайце нейкім чынам выпраўляць сітуацыю, але Беларусь не хоча быць удзельнікам вайны.

Фактычна, гэта проста пасыл: давайце паспрабуем дамовіцца на тое, каб нам нейкім чынам адпятляць.

Таксама аналітык засяродзіў увагу на словах самога Лукашэнкі наконт вызвалення і вяртання апанентаў.

— Ён прызнаў, што ёсць, можа, 25 адсоткаў тых, хто яго не падтрымлівае. Для яго 75 — гэта сакральная лічба, і яны, па яго словах, «за прэзідэнта». Упершыню за апошнія два гады ён падзяліў гэтую групу вельмі жорстка на дзве часткі. Адны — гэта ледзьве не здраднікі, пастаянныя апаненты, якія зараз проста сталі ворагамі, а другія, маўляў, гэта нейкія заблудныя, альбо тыя, хто думаюць інакш, з якімі трэба працаваць.

Наконт эміграцыі, раней фармат вяртання быў толькі адзін: вяртайся — адсядзі і толькі потым адчувай сябе свабодным. Цяпер аказалася, што частка мае магчымасць проста вяртацца.

Таксама цікава, як упершыню частка нейкіх каляафіцыйных каналаў пачала акуратненька прасоўваць тэзу пра тое, што залішні патрыятызм, такі зашквар у абвінавачванні ўсіх, хто не падзяляе афіцыйны пункт гледжання, можа нашкодзіць, — адзначыў аналітык.

Тым часам ён тлумачыць, чаму працэсы, якія могуць быць рэакцыяй на агучаныя сігналы, будуць ісці вельмі павольна.

— Нягледзячы на ўсе гэтыя спробы адскочыць, для Лукашэнкі вельмі важна захаванне ўласнай улады і фармат аўтакратычнай сістэмы кіравання. Ва ўмовах аўтакратыі, калі вярхушка паказвае сваю слабасць, яна перастае быць вярхушкай.

Таму, з аднаго боку, у іх ёсць жаданне нейкім чынам адскочыць, а з другога боку, няма жадання прадэманстраваць сваю слабасць, каб сваё ж атачэнне цябе не скавырнула.

Прычынай сігналаў нейкім чынам адпятляць сярод іншага кіруе і страх. Бо яны разумеюць, калі нічога не рабіць, лёс бліжэйшага атачэння Лукашэнкі і яго самога, мякка кажучы, незайздросны.

Давайце проста змадэлюем у прывязцы з вайной ва Украіне. Умоўна кажучы, калі гэта скончыцца вельмі моцнымі аплявухамі Расіі, яна сыдзе ва ўнутрыпалітычны крызіс і фактычна замкнецца ў сабе.

Тады Лукашэнка застанецца сам-насам з тымі праблемамі, якія ён наствараў. Бо калі не адскочыць, то наступным пытаннем стануць разборкі з ім і ўсё можа скончыцца ўзмацненнем радыкалаў, якія вернуцца і разбяруцца з Лукашэнкам.

Варыянт другі: Расія атрымала поўху, але касцяк атачэння Пуціна захаваўся. У такім выпадку будзе патрэбны паўтор 1995 года, які Лукашэнка ў свой час зманетызаваў. Гэта была першая дамова з Ельцыным, нейкая знешнепалітычная перамога. І тады зараз ён зможа па тым прыкладзе выцягнуць Беларусь на яшчэ большую інтэграцыю, альбо далучэнне, ці яшчэ штосьці не надта добрае.

І вось, нарэшце, варыянт трэці, малаверагодны, што Расія атрымлівае сваё і ўсё ў іх класна.

У такім выпадку натуральна, што адразу пасля Украіны наступным этапам будзе Беларусь. І тут для Лукашэнкі вельмі важна прапятляць, не з пункту гледжання патрыятызму, а з пункту гледжання захавання ўлады.

Асобна Тышкевіч адказвае на пытанне наконт амністыі палітзняволеных.

— Улічваючы тое, што пайшла нейкая частка вязняў, ці будзе працягвацца амністыя? Так, будзе, але не адразу. Пытанне ў тым, што першы сігнал пададзены, далей будзе этап гандлю: а што нам за гэта будзе?

Таму, у лепшым выпадку, на жаль, для зняволеных, яна адбудзецца дзесьці ў траўні-чэрвені, у горшым— напрыканцы 2023 года, альбо ў 2024-м.

Але тое, што яна будзе, гэта логіка працэсу. Утрымаць усё ў руках на фоне таго, што робіць Расія ўнутры Беларусі, і захаваць стабільнасць для тых, хто трымае сёння ўладу, немагчыма без пэўных змен, — лічыць аналітык.

Ён не выключае магчымасць частковай мабілізацыі беларусаў і прапануе ўважліва сачыць за тым, як улады будуць ставіцца да расіян-«дэзерціраў».

— На маю думку, масавая мабілізацыя і спроба з Беларусі атакаваць Украіну малаверагодная, яны і раней баяліся, а пасля Харкава, калі змяніўся знешнепалітычны баланс, баяцца яшчэ больш. Відавочна, што жадання ўвязвацца няма.

З іншага боку, частковая мабілізацыя альбо прызыў рэзервістаў хутчэй за ўсё будзе. Гэта азначае, што будуць вайсковыя зборы, будуць прызываць тых, каго ў Беларусі называюць «партызанамі».

Бо гэта найбольш верагодны кампраміс з Расеяй. Давайце мы зробім якія-небудзь чарговыя «вучэнькі» на ўкраінскай мяжы, толькі прызавём з запасу пару тысяч вайскоўцаў, каб Украіна патрывала болей сіл ля беларуска-ўкраінскай мяжы.

А лакмусавая паперка зараз — гэта тое, як у Беларусі будуць пачуваць сябе грамадзяне РФ, якія з’ехалі сюды ад прызыву. Калі іх і затрымаюць, то хутчэй невялікую колькасць.

А так фармальна будуць сачыць, будуць перадаваць, пытанне — ці будуць іх кудысьці этапаваць беларускія міліцыянты. Калі проста адсачылі, а чалавек змяніў кватэру, яго потым пры жаданні шукаць можна вельмі доўга.

А вось тое, ці паедуць мабілізацыйныя цягнікі з тэрыторыі Беларусі, будзе паказваць сярод іншага і пазіцыю Лукашэнкі.

І калі яны не паедуць — гэта найбольш бяспечная сітуацыя для афіцыйнага Мінску, якую можна ў тым ліку прапагандаваць на Захадзе, маўляў, што можам, то і робім, адскокваем ад Расіі такім чынам, — заключыў Тышкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(12)