Филин

Ірына Марозава

Тарас Тарналіцкі: «Стварэнне годнага кантэнту праз ідэалагічнае сіта ніколі не працуе, гэта мёртванароджаная ідэя»

Кінакрытык — аб тым, як у Беларусі (не) здымаецца гістарычнае кіно.

Дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм» абвясціла, што здыме чарговы «гістарычны блокбастар» — новую экранізацыю рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі».

Пад гэты праект ужо вылучылі субсідыю, прадзюсар Глеб Шпрыгаў напісаў сцэнар «паводле першакрыніцы». Здымкі мусяць пачацца ўжо ў красавіку, а ўвесну 2024-га, як заяўлена, убачыць свет сама кінастужка з рабочай назвай «Чорны замак». Здымаць фільм будуць хоць і ў Беларусі, але расійскі рэжысёр — Кірыл Кузін, з удзелам не названых пакуль «зорак расійскага кіно».

Нават калі не ўзгадваць не надта ўдалы пракатны лёс папярэдніх беларусьфільмаўскіх «блокбастараў», узнікае шэраг пытанняў наконт будучага фільма.

Чаму праз амаль 40 год пасля першай экранізацыі (аднайменны з кнігай фільм Міхаіла Пташука выйшаў у 1984-м) студыя зноў узялася за Караткевіча, і ці атрымаецца ў сучаснай Беларусі зняць гістарычнае кіно так, каб яго не паклалі на паліцу? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім.

Фота: Е*рарадыё

— На ваш погляд, чаму менавіта цяпер «Беларусьфільм» рызыкнуў узяцца за Караткевіча, якога ў свой час кляймілі «галоўным нацыяналістам», а фільмы паводле яго твораў ці шмат гадоў не траплялі да гледача, ці жорстка цэнзураваліся?

Здаецца, сёння — самы няўдалы момант закранаць нацыянальныя тэмы.

— Я з гэтым не згодны — мне падаецца, момант якраз абралі самы зручны. На маю думку, «Беларусьфільм» спрабуе ў шырокім рэчышчы афіцыйнай культурнай палітыкі паказаць, што ў іх усё нармальна, ніякіх праблем няма, працягваюць працаваць, як і раней.

Тое, што датычна постаці Караткевіча як нацыяналіста, зараз, відаць, ужо не так і ўзгадваецца, як у ранейшыя часы. Хутчэй за ўсё, «Беларусьфільм» выконвае тое, што сказалі ўлады. Так, Галоўчанка запатрабаваў летась зрабіць кіно не проста камерцыйна паспяховым, а каб яно «выхоўвала патрыятызм і грамадзянскасць», а да таго Лукашэнка падпісаў указ аб субсідзіраванні вытворчасці нацыянальных і патрыятычных фільмаў.

І вось «Беларусьфільм» спрабуе ўставаць на тыя ж лыжы, на якія станавіўся не раз, напрыклад, з фільмам «Авантуры Пранціша Вырвіча» — гістарычнага, але прыгодніцкага па сваім фармаце кіно.

Экранізацыя рамана Караткевіча таксама добра кладзецца ў гэтую каляіну: гэткі прыгодніцкі дэтэктыў, вельмі падобны на тое, што было ўдала зроблена прыватнай «Першай КінаВідэакампаніяй» напачатку 2010-х (маю на ўвазе серыял «Сляды апосталаў»). Толькі там не трэба было ўзгадваць Караткевіча, а тут патрэбна.

Паколькі мы не ведаем сцэнара, то не вельмі зразумела, у якім гістарычным прамежку будуць развівацца падзеі — у рамане ж яны развіваюцца ў Савецкім Саюзе, і гэта адна гісторыя, а калі гэта будзе ў сучаснай Беларусі, то як?

На думку кінакрытыка, «Беларусьфільм» хутчэй абярэ савецкі перыяд, бо гэта запатрабавана афіцыйнай ідэалогіяй, скіраванай у «светлае мінулае». А галоўных мэт у праекце некалькі: паказаць, што ў беларускім кіно ўсё добра і старонка перагорнутая, працягнуць ідэалізацыю савецкага перыяду і, нарэшце, проста нешта рабіць, выконваючы загад ураду.

— Але тое, што няма людзей для выканання гэтай задачы, наадварот, сведчыць пра крызіс у культуры, пра тое, што ніхто не хоча з дзяржавай супрацоўнічаць,— лічыць Тарас Тарналіцкі, — да таго ж большасць здатных творчых людзей з’ехалі.

— У красавіку ўжо мусяць пачацца здымкі, а імёны акцёраў, якія выканаюць галоўныя ролі, дагэтуль не названыя. Паведамляецца толькі, што пацвердзілі ўдзел нейкія расійскія «зоркі кіно». Такі выбар тлумачыцца камерцыйным разлікам, маўляў, на сваіх не пойдуць, альбо ідэалагічным — бракуе лаяльных і адначасова таленавітых?

— Гэта комплексная праблема. З аднаго боку, яны хочуць камерцыялізаваць само мастацтва — аднак пакуль што «Беларусьфільм» на тым, што ён стварае, асабліва грошай не зарабляў. То-бок, могуць запрашаць расійскіх рэжысёраў здымаць і потым прадаваць кантэнт (збольшага серыялы), але гэта не тыя грошы, якімі можна пахваліцца.

Прынамсі пакуль што я не бачыў ніводнага афіцыйнага пацверджання, каб «Беларусьфільм» значна зарабіў на сваёй прадукцыі. Гэта, хутчэй, імітацыя таго, што ідзе нейкі бізнес-працэс.

З другога боку, канешне, гэта цалкам каланіяльная палітыка, арыентацыя на «старэйшага брата» і на тое, што ў кінаіндустрыі РФ ёсць нейкія зоркі. Але зараз, асабліва пасля году вайны, такая рыторыка вельмі дзіўная. Бо да нас едуць не вялікія расійскія рэжысёры і акцёры, а ў асноўным серыяльныя ці тыя, хто здымае кіно невысокай якасці.

Той жа Кірыл Кузін, які будзе працаваць над «Чорным замкам», раней працаваў на ТНТ, здымаў «Камедзі Клаб», а ягоныя кінаработы — не аўтарскае і нават не якаснае жанравае кіно, а «Самы лепшы фільм» і да таго падобныя не тое каб высокага гатунку камерцыйныя стужкі, сэнс якіх — зарабіць грошай.

Гэта сведчыць аб тым, зазначае эксперт, што кінастудыя не можа прыцягнуць да стварэння кантэнту творчых дзеячаў — сцэнарыстаў, рэжысёраў, прадзюсараў, хіба акцёраў і дапаможных спецыялістаў па гуку, святле, аранжыроўках і г.д.

— З аднаго боку, яны баяцца ўдзелу нелаяльных кінематаграфістаў, і што потым фільм не выйдзе — а з другога, з імі і так ніхто не хоча супрацоўнічаць, — канстатуе крытык. — Гэта бачна па фестывалі «Лістапад», на якім за апошнія два гады не было ніводнага прыватнага праекту. Быў намінаваны толькі адзін фільм, часткова створаны на сродкі дзяржавы, «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» Андрэя Кудзіненкі, але яго цэнзуравалі — знялі і з фестывалю, і з пракату.

Таксама, прыгадаем, два гады не было конкурсу нацыянальнага кіно: у 2021-м яго сумясцілі з секцыяй «маладога кіно», але туды, нягледзячы на захады арганізатараў і кінастудыі, падаўся адзін толькі выпускнік Акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі. А ў мінулы год нават сам «Беларусьфільм» не змог пахваліцца нічым, акрамя анімацыі.

— У «Чорным замку Альшанскім» ёсць лінія, якая даспадобы цяперашнім уладам — гісторыя Лапатухі, праз якую можна паказаць «генацыд беларускага народу»; аднак калі з гэтым перабаршчыць, ніхто ж не будзе глядзець.

Ці магчыма наогул зняць гістарычнае кіно паводле Караткевіча так, каб яго не паклалі на паліцу, па прыкладу «Купалы» і «Авантураў Пранціша Вырвіча»?

— Дзве гэтыя апошнія спробы стварыць больш нацыянальна арыентаванае кіно ўсё ж здзяйсняліся пры іншых умовах — там людзі працавалі не толькі дзеля грошай, яны былі апантаныя ідэяй спрычыніцца да вялікага кіно, цікавага гледачам. Зараз такіх людзей амаль не засталося, у тым ліку праз рэпрэсіі, звальненні на «Беларусьфільме». І хто гэта будзе рабіць, незразумела.

Падаецца, падобных спецыялістаў там ужо няма, а калі адзінай матывацыяй працы будуць грошы, у гэтым нічога добрага. Чалавек павінен быць апантаны матэрыялам, каб стварыць нешта сапраўды цікавае і добрае.

Што да фільма «Чорны замак Альшанскі» — мне падаецца, яго можна зрабіць. Але рэч у тым, што няма такой задачы, і фільм будуць рабіць з пэўным ідэалагічным ухілам (якім — яшчэ трэба зразумець). Глеб Шпрыгаў, які заяўлены ў якасці сцэнарыста, ствараў, напрыклад, фільмы «Снайпер», «1812. Уланская балада», «У чэрвені 1941» — не вельмі якасныя, але вельмі ідэалагізаваныя.

Таму я не выключаю прарасійскага, прасавецкага наратыву, які ўзнікне ў гэтым фільме — перапісаць Караткевіча на замову дзяржавы не вельмі цяжка.

Тут не важна нават, ці пойдуць гледачы на гэты фільм: дзяржаве трэба проста, каб ён быў зняты, а што там з ім атрымаецца потым, ужо нікога не цікавіць.

«Беларусьфільм» так працуе ўжо трэці дзясятак гадоў, ствараючы прадукт дзеля працэсу і для вельмі маленькай аўдыторыі — такой партыйнай эліты, істэблішмента Лукашэнкі.

— Калі згадаць пра першы «нацыянальны блокбастар» — фільм «Анастасія Слуцкая», ён не прынёс асаблівай славы і грошай ані рэжысёру, ані акцёрам (выканаўца галоўных роляў, за выключэннем Генадзя Давыдзькі, сёння наогул не ў Беларусі). Ці напаткае такі ж лёс «Чорны замак»?

— Акрамя «Анастасіі Слуцкай», можна згадаць і больш сучасныя «нацыянальныя блокбастары» — «Сляды на вадзе», напрыклад, ці зроблены па дзяржаўнай замове «Мы, браты», альбо фільм «Мы адзіныя», які пачалі здымаць летась пра «агульнасць і непадзельнасць» Беларусі.

Беларускія «блокбастары» хутчэй згадваюцца ў звязку са скандаламі і невысокай якасцю атрыманага матэрыялу, прапушчанага праз мінкультаўскую цэнзуру і шматлікія камісіі. І пра гэты фільм, я ўпэўнены, усе забудуць адразу пасля таго, як ён выйдзе ў пракат.

Гаварыць пра яго будуць ці таксама ў сувязі са скандаламі (па маіх адчуваннях, іх будзе адзін ці два), ці прыводзячы як няўдалы прыклад сучаснай экранізацыі беларускай класікі. Бо ўлады выкарыстоўваюць кінамастацтва як інструмент для вырашэння сваіх палітычных задач, а не як нармальную культурную з’яву. Таму і стаўленне да такіх праектаў адпаведнае — без адміністрацыйных метадаў іх ніхто не глядзіць, а калі ўбачаць, то доўга плююцца.

Можа, яшчэ расіяне купяць, бо ў іх таксама ёсць праблемы з кантэнтам праз вайну і санкцыі. Але ўсім іншым гэта не трэба — стварэнне годнага кантэнту праз ідэалагічнае сіта ніколі не працуе, гэта мёртванароджаная ідэя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)