Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: «Больш цікава тут, што адбывалася за кулісамі»

Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі ў інтэрв’ю Філіну — пра крытыку на адрас Захада і візіт кіраўніка расійскага МЗС.

Iзноў загучалі заявы пра тое, што падзеі 2020-га ў Беларусі мелі ключавое значэнне для таго, што сёння адбываецца ва Украіне. А таксама папрокі ў адраз краінаў Захаду, якія не спынілі ў свой час Лукашэнку і дзесяцігоддзямі прытрымліваліся прагматычнай лініі ў дачыненні з беларускім рэжымам.

Наколькі слушныя гэтыя заявы? Ці зрабіў Захад усё, што мог? І ці павінен быў увогуле штосьці рабіць з Лукашэнкам?

— Чарговы раз праскоквае слова «прагматыка» ў негатыўным ключы. Я лічу, што любая палітыка мусіць быць прагматычнай, гэта значыць улічваць: 1) імавернасць дасягнення мэты з дапамогай дадзенага набору сродкаў; 2) пабочныя эфекты ў ходзе прымянення гэтых сродкаў.

Ці палітыка Захада ў дачыненні да рэжыму была памылковай? Што ж, цалкам магчыма. Але хацелася б тады даведацца, які мае быць альтэрнатыўны набор сродкаў, які б спаўняў дзве ўмовы: 1) гарантаваў бы больш высокую імавернасць дасягнення мэтаў; 2) пабочныя негатыўныя эфекты ад іх прымянення былі б адносна бяскрыўднымі.

Калі браць перыяд ад жніўня 2020-га па люты 2022-га, то палітыка Захада ў дачыненні да Лукашэнкі ў цэлым больш жорсткая, чым да рэжыму ў Саудаўскай Аравіі, але больш мяккая, чым у дачыненні да Муамара Кадафі або Башара Асада. Прыводжу гэтыя рэжымы з увагі на недалёкую па часе Арабскую вясну.

Ані жорсткасць, ані мяккасць не гарантуюць поспеху. Затое ў плане пабочных эфектаў розніца ўсё ж ёсць — жорсткія метады ціску з большай імавернасцю спараджаюць пабочныя эфекты.

— Аналітык iSANS Серж Харытонаў мяркуе, што ў Захаду не было і дагэтуль няма ні канчатковай знешняй палітыкі па Беларусі, ні стратэгіі дзеянняў адносна Лукашэнкі. Ці так гэта, на вашу думку? Ці можа гэтая сітуацыя змяніцца?

— «Канчатковай» і дэталёвай няма і быць не можа, бо сітуацыя ўвесь час змяняецца. Але агульныя абрысы ёсць: захаваннне незалежнасці краіны і захаванне каналаў камунікацыі з тымі, хто кантралюе ўладу ў краіне (незалежна ад пытання легітымнасці).

— На сустрэчы Сяргея Лаўрова і Уладзіміра Макея прагучалі словы пра «жалезную заслону». На вашу думку, што стаіць за гэтай заявай?

— Лаўроў, Макей або Лукашэнка на публіцы рэпрадукавалі звычайную рыторыку. Два аўтакраты ўсё больш ізаляваныя і загнаныя ў агульную клетку.

Пасылы тыпу «гэта не мы, гэта яны», «не нам, а ім будзе кепска» — гэта з той самай оперы, што і заява Валодзіна: «Гэта не НАТО наблізілася на межаў Расіі, а межы Расіі — да НАТО».

Больш цікава тут, што адбывалася за кулісамі, цяпер цяжка сказаць, але думаю праз нейкі час нешта можа праясніцца ў гэтым плане. Мая гіпотэза: абмяркоўвалі фармат Саюзнай дзяржавы з удзелам псеўдадзяржавак, што паўсталі на ўсходзе Украіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(13)