Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: Лукашэнка бачыць, што шалі вагаў схіліліся не на бок Расіі

Ці прывядзе трэцяя мабілізацыя ў гісторыі Расіі да Трэцяй сусветнай, пра што гавораць паводзіны беларускага рэжыму на тле паскарэння падзей — на гэтыя ды іншыя пытанні Филина адказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.

— У Расіі амаль тыдзень працягваецца мабілізацыя. Некаторыя эксперты робяць акцэнт на тым, што гэта першая мабілізацыя з часоў Другой сусветнай вайны. Варта прыгадаваць, што была мабілізацыя і ў 1914-м. Ці можа трэцяя мабілізацыя ў РФ перарасці ў Трэцюю сусветную?

— Я не думаю, што гэтая мабілізацыя прывядзе да таго, што вайна ва Украіне перарасце ў Трэцюю сусветную. Таму што ёсць цвёрдая пазіцыя заходніх краінаў, якія самі не хочуць умешвацца ў канфлікт, пакуль ён вядзецца канвенкцыйнымі метадамі.

Таму не думаю, што гэта стане нагодай для непасрэднага ўмяшання ў канфлікт краінаў НАТА ўласнымі войскамі і перарастання яго ў глабальную вайну.

Тым больш ход падзей паказвае, што ўкраінцы і самі добра спраўляюцца. Ім важная толькі пастаўка зброі, што ўжо робіцца і, спадзяюся, будзе рабіцца і далей – у больш шырокіх маштабах.

Тут таксама ёсць вялікі сумнеў, што вялікі набор расейцаў, якія і самі не надта хочуць ваяваць, не моцна матываваныя, нешта прынцыпова зменіць, каб спатрэбілася старонняе ўмяшальніцтва.

Перарастанне ў Трэцюю сусветную магчымае перадусім тады, калі Пуцін ужыве зброю масавага знішчэння, ядзерную зброю. Пра гэта ўжо ідзе гаворка, тыя ж амерыканскія вайскоўцы кажуць, што ў такім выпадку непасрэдна ўступяць у вайну.

З мабілізацыяй тут непасрэднай сувязі няма. Такое можа здарыцца, калі Пуцін адчуе, што Расія цалкам церпіць паразу.   

— Увогуле, калі праводзіць гістарычныя паралелі, сённяшнія падзеі ў Расіі — ці не той гэта выпадак, калі гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу, ці трагіфарсу? Найперш тое, як выглядае сёння гэтая самая «частковая» мабілізацыя — з нецвярозымі рэкрутамі і масавымі ўцёкамі за мяжу.

— Нецвярозыя мабілізанты былі заўсёды. І ў Першую сусветную вайну, і ў Другую сусветную. Гэта не нейкае ноў-хаў сённяшніх дзён. Гэта бачна і па гістарычных фільмах, кнігах, і ў гістарычных крыніцах адлюстравана.

Галоўнае адрозненне ў той маральнай атмасферы, у якой адбываецца мабілізацыя ў сённяшняй Расіі. Яе хоць і называюць частковай, але, напэўна, на гэтым усё яўна не спыніцца, і яна сапраўды стане ўсеагульнай.

Яна адбываецца ў грамадстве, якое сапраўды падтрымлівае гэтую вайну, магчыма хоча пэўнага рэваншу, але не гарыць жаданнем ваяваць асабіста. Адрывацца ад сваіх сем’яў, заняткаў і ісці паміраць ва ўкраінскія стэпы за тое, каб Расія была вялікай, супраць розных хімераў кшталту «ўкраінскага нацызму».

Пра гэта і раней казалі розныя аналітыкі, пра гэта сведчылі сацапытанні, але з пачаткам мабілізацыі гэты момант яскрава праявіўся. І мы бачым, што па некаторых звестках ужо ці не сотні тысяч пакінулі краіну, каб пазбегнуць удзелу ў вайне.

Раней такога не было, па розных прычынах. Напрыклад, у часы Першай сусветнай вайны мабілізацыю не праводзілі пасярэдзіне кампаніі, калі ўжо было выразнае адчуванне паразы і стомленнасці ад вайны.

Тады мабілізацыя адбылася на самым пачатку, народ пераважна быў настроены закідаць шапкамі ворага, гатовы ісці да перамогі. Быў імпэт, энтузіязм, бо людзі не разумелі, што гэта такое, што адбываецца. Таму ў той раз гэтая фаза вайны прайшла добра, нават натхняльна для ўладаў.

Усе праблемы пачаліся пасля, калі людзі апынуліся на вайне, калі фронт стабілізаваўся, калі расійскія войскі пачалі атрымліваць паразы. Пасля гэтага наступыя хвалі мабілізацыі праходзілі без энтузіязму і агню. Салдаты на фронце пачалі губляць матывацыю і ваенны імпэт.

Другая сусветная вайна, калі параўноўваць, то ўвогуле няма пра што казаць. Вядома, у якіх умовах яна пачалася. Гітлераўская Германія напала на СССР і тут уключыўся матыў неабходнасці абараняць радзіму. Былі зразумелыя мэты, сама небяспека.

Патрыятычны імпэт уключыўся на поўную моц, таму мабілізацыя цягам усёй вайны ішла без вялікіх перашкодаў. Людзі абаранялі сваю радзіму, ведалі, дзеля чаго ідуць ваяваць. І дэзерцірства калі і было, то ў не такіх маштабах.

Тут было б дарэчы параўнаць з тым, як цяпер адбываецца мабілізацыя ва Украіне. Тут таксама адбіраюць людзей на фронт, у тым ліку і тых, хто не хацеў сам ваяваць. Але гэта сустракаецца грамадствам з разуменнем, бо тут усё зразумела: хто мае рацыю, хто вінаваты.

А вось такой мабілізацыі, якая б адбывалася ў неспрыяльнай сітуацыі, ва ўмовах упадку грамадскіх настрояў, пасля некалькіх паразаў, калі многія тэзісы пра пераможную вайну, захоп Кіева за тры дні і капітуляцыю усёй Украіны, пра слабы Захад і моцную Расію падвергліся сур’ёзнай рэвізіі, у расійскай гісторыі яшчэ не было. 

— Ёсць адчуванне, што падзеі паскараюцца, пры гэтым рукамі ж Крамля. Як бы вы ацанілі дзеянні беларускага рэжыму на гэтым фоне: выступы Макея, якія хто-ніхто расцаніў як спробу абяліць найперш самога сябе, а таксама адзінкавыя вызваленні палітвязняў?

— Відавочна, што рэжым не хоча непасрэдна ўмешвацца ў ваенныя дзеянні. Вядома, ён захоча любой цаной пазбегнуць непасрэднага ўступлення беларускага войска ў вайну на баку Расіі. І тым больш хоча пазбегнуць мабілізацыі.

Таму што, па-першае, бачыць, што шалі вагаў схіліліся не на бок Расіі, і калі цяпер кінуцца ёй дапамагаць, то гэта проста азначае падтрымку боку, які хутчэй за ўсё прайграе.

Тут палітычны інстынкт падказвае, што лепш за ўсё не лезці, глыбока ў гэта не заангажоўвацца. Прынамсі, не зрабіць штосьці непапраўнае, калі ты станеш нароўні з Пуціным і перад сусветнай супольнасцю будзе стаяць задача, калі не паралельна з пуцінскім рэжымам цябе скінуць, то прынамсі стане прыярытэтам.

Таму, натуральна, улады спрабуюць ад гэтага ўсяго нейкім чынам ухіліцца. Зразумела, што яны не жадаюць адпраўляць беларускіх вайскоўцаў у бой, ці ладзіць мабілізацыю не ад вялікага чалавекалюбства. Робіцца гэта дзеля іх самазахавання.

Наколькі ім гэта ўдасца? Я не думаю, што ў беларускага рэжыму надта вялікае поле для манеўраў. Найперш, праз татальную залежнасць ад Расіі і ў эканоміцы, і ў вайсковай сферы. Гэты рэжым залежыць ад самаадчування Масквы і ніякім Захадам гэта не заменіш.

А для таго, каб паўтарыць нейкія кульбіты, якія мы назіралі ў 2008-м пасля атакі Расіі на Грузію і асабліва ў 2014-м, пасля анэксіі Крыма і распальвання вайны на Данбасе, у іх няма ніякіх магчымасцяў, як бы гэтага не хацелася.

Лукашэнку, каб сябе неяк абяліць, каб з найменшымі стратамі выйсці з гэтай сітуацыі, неабходна выйсці з вайны. Каб Расія перастала выкарыстоўваць нашу тэрыторыю. А я не думаю, што ў Лукашэнкі ёсць нейкія магчымасці гэта забяспечыць.

Наўрадці ці Пуцін штосьці ўзгадняе ці просіць дазволу ў Лукашэнкі, каб запусціць з Беларусі па Украіне ракеты.

Натуральна, яны стараюцца штосьці рабіць. Той жа Макей невядома ці сябе хоча адбяліць, бо для гэтага ў яго вельмі малыя магчымасці. У інтэрв’ю французскаму журналісту ён назваў вайну вайной, трошкі памяўшыся пры гэтым. Але з трыбуны ААН ён прамаўляў цалкам у рэчышчы той палітыкі, якую рэжым праводзіць цягам двух апошніх гадоў, нічога новага там я не заўважыў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)