«Ненаўмысны напад на Польшчу». Чорны лебедзь, якога ня хочуць заўважаць

Віталь Цыганкоў – пра рэакцыю заходніх краін на падзенне ракеты на польскую тэрыторыю.

Фота Getty Images

– «Няма ніякіх прыкметаў таго, што гэта быў наўмысны напад на Польшчу», — заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пра інцыдэнт з ракетай, якая ўпала на польскай тэрыторыі каля польска-ўкраінскай мяжы і забіла дваіх чалавек – піша Віталь Цыганкоў.

Паводле Дуды, як і паводле заяваў генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, ёсьць шмат прыкметаў таго, што гэта была ракета ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, якая, на жаль, упала на тэрыторыі Польшчы.

Хтосьці ўздыхне з палёгкай, а хтосьці — зь відавочным расчараваньнем.

Многія беларусы ў сацыяльных сетках цэлы дзень іранізавалі пра тое, што NATO выкажа «самую глыбокую занепакоенасьць». Беларусы ў сацсетках — гэта, напэўна, самая ваяўнічая і бескампрамісная аўдыторыя, якая, здаецца, нічога так не чакае, як рашучага ўдару ўсёй магутнасьці NATO па Расеі.

Гэта той самы «бог з машыны» з старажытнагрэцкае трагедыі, які спускаецца зьверху на сцэну і вырашае ўсе праблемы.

Яшчэ нічога не было вядома, а многія ўжо заяўлялі, што NATO чарговы раз будзе «жаваць смаркачы», выкажа чарговую «заклапочанасьць» і праглыне новы выклік з боку Расеі.

Аматары простых рашэньняў выгадна адрозьніваюцца ад рэальных палітыкаў тым, што ім, седзячы на сваіх канапах, не даводзіцца прымаць ані простых, ані складаных рашэньняў, якія ўплываюць на лёс народаў.

Памятаю, калі ў першыя дні вайны ў лютым актыўна абмяркоўвалася тэма «закрыць неба над Украінай» — я адразу ў адным з эфіраў даў даволі адназначны прагноз, што гэтага ня здарыцца. Бо што гэта азначае — «закрыць неба»? Зьбіваць сіламі NATO расейскія самалёты і ракеты над тэрыторыяй Украіны? Было відавочна, што NATO на гэта ня пойдзе.

Таксама не зусім уяўляю, якім мог бы быць «самастойны» адказ Польшчы нават у тым выпадку, калі б было даказана, што ракета была мэтанакіраваным расейскім ударам. Які адказ можа даць сама Польшча без уліку кансэнсусу і поўнай падтрымкі партнэраў па NATO? Пачаць бамбіць расейскія аэрадромы, накіраваць танкавую атаку на Менск ці Калінінград?

Трэцяя сусьветная вайна — гэта зусім ня тое, чаго чакаюць у заходніх сталіцах, і перш за ўсё ў Вашынгтоне. За 10 месяцаў вайны ЗША на самых розных узроўнях ня раз заяўлялі, што не жадаюць непасрэднага ваеннага сутыкненьня з Расеяй.

Таму для мяне, напрыклад, ня стала ніякай нечаканасьцю, што прадстаўнікі ЗША прапаноўвалі не сьпяшацца з высновамі, а прэзыдэнт Байдэн заявіў журналістам на Балі, дзе ён удзельнічаў у саміце G20: «Малаімаверна, што яна была выпушчаная з Расеі, — спаслаўшыся на траекторыю палёту ракеты. — Я ўсё зраблю для таго, каб мы дакладна высьветлілі, што адбылося».

Варта адзначыць, што ў ЗША цяперашнія апанэнты ўладаў, прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, даволі актыўна гуляюць на тэме «магчымага ядзернага апакаліпсісу», крытыкуючы Байдэна за празьмерную, на іхную думку, падтрымку Ўкраіны. Таму цяперашняя адміністрацыя раз за разам паўтарае, што праз Украіну не пачнецца трэцяя сусьветная вайна.

Таму ЗША асьцерагаюцца пастаўляць Украіне некаторыя, самыя далёкасяжныя віды ўзбраеньняў, і нават пастаўляючы зброю, патрабуюць, каб яна не ўжывалася пры ўдарах па тэрыторыі Расеі.

Таму як толькі здарыўся інцыдэнт з ракетамі, па першых жа асьцярожных заявах амэрыканскіх афіцыйных асобаў у мяне адразу ўзьнікла цьвёрдае ўражаньне, што гэтае здарэньне ня стане падставаю для нейкіх рэзкіх дзеяньняў.

Законы ж палітыкі такія: калі ёсьць запыт на абвастрэньне, то любая дробязь і нават правакацыя робяцца падставай для самых жорсткіх крокаў. Калі ж такога запыту няма, то інцыдэнты і правакацыі застаюцца незаўважанымі альбо хутка нэўтралізуюцца.

У кожным разе, якімі б ні былі канкрэтныя акалічнасьці гэтага інцыдэнту, — небясьпека сусьветнай вайны застаецца, пакуль працягваецца агрэсія Расеі супраць Украіны.

А значыць, захоўваецца і небясьпека таго, што любы ваенны інцыдэнт, любая памылка можа прывесьці да максымальнай эскаляцыі вайны.

Гэта той «чорны лебедзь», прылёт якога можа адбыцца ў кожны момант.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(18)