Навумчык: Ці варта нам аддаваць свае жыцьці за рэалізацыю мары Лукашэнкі?

Публіцыст Сяргей Навумчык – пра прапанову «ісьці на паклон да Лукашэнкі».

– Гэта ілюзія — лічыць, што Лукашэнка ўсім даруе коштам ці то самароспуску дэмсілаў (што прапануе кіраўнік Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін), ці нават нейкага усенароднага пакаяньня, — піша Навумчык. – І выпусьціць усіх палітаязьняў, і спыніць рэпрэсіі, і дазволіць беспакарана вярнуцца эмігрантам.

Дарэчы, тут ужо трэба дагаворваць да канца: у такім выпадку (які я разглядаю як выключна тэарэтычны) меліся б на ўвазе — а магчыма, і ў першую чаргу — створаныя з беларускіх добраахвотнікаў вайсковыя структуры ва Ўкраіне. Які б лёс чакаў гэтых людзей? І як бы ўкраінцы ўспрынялі такі крок?

Сяргей Навумчык

Бо ня будзе перабольшваньнем сказаць, што найперш добраахвотнікі, як і палітвязьні, якіх катуюць у лукашэнкаўскіх турмах за падтрымку Ўкраіны, у вачах украінскага народа — выратоўваюць гонар Беларусі, з тэрыторыі якой пачалася расейская ангэсія.

Ёсьць і іншае, што прымушае лічыць такую прапанову ілюзорнай.

Нават калі б гэта было ў інтарэсах Лукашэнкі палітычна (а ён пад кантролем Масквы, і масавы тэрор — загад Масквы, тут ягоны інтарэс супадае з жаданьнем Крамля), нават тады ён бы ня здолеў пайсьці на гэта з прычыны асаблівасьцяў сваёй помсьлівай натуры. Гэта як драпежнік — паспрабаваўшы крыві, ужо не адмовіцца ад ўсё новай і новай крыві.

І такіх драпежнікаў цяпер — не адзін і ня два; рэпрэсіўны апарат, усе гэтыя чэкісты і губазікаўцы ўжо, як падаецца, выйшлі з-пад кантролю, ім ужо ня трэба ніякіх загадаў, яны самі сябе падсілкоўваюць нянавісьцю ды агрэсіяй.

І потым, тое «перамір’е» было б толькі на адзін дзень, у які б выйшлі вязьні і вярнуліся эмігранты — каб назаўтра ізноў сесьці ці зьехаць.

Бо такі «абмен» азначаў бы яшчэ адну абавязковую ўмову: уся палітычная (грамадзкая таксама) дзейнасьць мусіла б быць спыненая на дзесяцігодзьдзі. Аж пакуль Міколка не дасягне ўзросту, калі народныя масы змогуць арганізавана сфармаваць кіламэтровыя чэргі на «выбарах» і аддаць свае галасы пераемніку.

Усе гэтыя два дзесяцігодзьдзі нішто і нідзе не павінна было б варушыцца, ніхто і слова не павінен быў бы сказаць супраць ня тое што Лукашэнкі і ягонага клану — нават супраць самай дробнай мясцовай улады (і гэта не гіпербала: ужо цяпер пачалісяь суды за крытыку камунальных недапрацовак мясцовага начальства, чаго не было і ў 1937-м).

Гэта нават нельга было б параўнаць з абсалютысцкай манархіяй XVIII cтагодзьдзя да Вялікай Французкай рэвалюцыі — ня ведаю нават, які прыклад узяць з гісторыі. Старажытны Рым не падыходзіць дакладна, там хоць і было рабства, але існавалі для пэўнай катэгорыі і дэмакратыя, і права. Хіба што Эгіпет часоў фараонаў і будаўніцтва рабамі пірамідаў.

Магчыма, якраз старажытнаэгіпецкі час і быў любімым пэрыядам студэнта гісторыка-геаграфічнага факультэту Магілёўскага пэдінстытуту Шуры Лукашэнкі, і татальнае рабства народа, поўнае яго падпарадкавньне і бязьмежная асабістая ўлада зрабіліся ягонай марай.

Але ці варта нам аддаваць свае жыцьці за рэалізацыю гэтай мары?