Марына Гірын: «Калі на мяне і іншых беларусак нападае і абражае лукашэнкаўская прапаганда, мне адначасова смешна і грэбліва»
Віцэ-прэзідэнтка Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой – пра сэксізм.
У ABBA Марына Гірын прыдумляе і стварае свае праекты. Адзін з іх – конкурс для беларускіх бізнесаў Free Belarus Business Award. На ютуб-канале Асацыяцыі яна расказала, які мае досвед працы ў бізнесе.
– Некаторы час я працавала на дзяржаўнай службе. Потым – у сферы нерухомасці, сдала экзамен і атрымала атэстат рыэлтара. Пэўны час працавала намесніцай дырэктара ў буйной кампаніі забудоўшчыка.
Паралельна ажыцяўляла свае ўласныя бізнес-праекты ў сферы нерухомасці: купляла, прадавала, здавала ў арэнду як прыватную, так і камерцыйную нерухомасць у Беларусі і па-за яе межамі.
Мая кар’ера і бізнес былі досыць паспяховымі. Але ў канцы 2020-га была вымушана пакінуць Беларусь праз сваю грамадзянскую пазіцыю, а таксама ўдзел у акцыях пратэсту мяне і мужа.
Марына Гірын пераехала ў Польшчу, дзе ў яе быў выбар: «пайсці працаваць па таму ж профілю, што і ў Беларусі, або займацца грамадскімі, сацыяльнымі праектамі».
– У нашай сям’і быў дастатковы фінансавы запас, – працягвае яна. – Мы маглі дазволіць сабе нейкі час займацца праектамі пры падтрымцы беларусаў. Было балюча глядзець, як бізнесмены пераязджаюць у Польшчу і ідуць працаваць у наём, баяцца адкрыць бізнесы, баяцца шагосьці новага.
Мы вырашылі, што павінны дапамагчы такім людзям. Сталі знаёміць бізнесы паміж сабой, арганізоўваць мерапрыемствы, нэтворкінг. З’явіліся ідэйныя людзі побач, і усё перарасло ў сур’ёзную прафесійную дзейнасць.
«У нашай Асацыяцыі шмат паспяховых жанчын»
Таксама Марына Гірын выказалася пра сэксізм у дачыненні да яе і іншых беларусак:
– Калі на мяне і іншых беларусак нападае і абражае лукашэнкаўская прапаганда, мне адначасова смешна і грэбліва. Гэта заўсёды было ўласціва рэжыму і яго так званаму лідэру. «Хай вараць боршч, смажаць катлеты, ваша справа нараджаць дзяцей, Канстытуцыя не пад жанчыну» – гэта прыкра, але чакаць іншага ад гэтых людзей не варта.
Але апошнім часам я чую і бачу тую ж рыторыку, тыя ж фразы ад мужчын, якія самі знаходзяцца ў эміграцыі, якія, з іх слоў, таксама пацярпелі ад рэжыму. Сярод іх нават ёсць і тыя, хто прадстаўляе беларусаў на розных пляцоўках, кшталту Каардынацыйнай рады.
У гэтым выпадку я адчуваю злосць і пачуццё сораму. Я злуюся, таму што абражаюць не толькі мяне, але і многіх іншых жанчын. Гэта робяць у тым ліку мужчыны, так званыя змагары з рэжымам, якія дзейнічаюць з ім аднымі метадамі.
…Для тых, хто забыўся, хачу нагадаць, якую ролю заўсёды і асабліва ў 2020-м адыгрывалі менавіта жанчыны. Колькі стварылі ініцыятыў, важных і патрэбных. Якую ролю адыгрываюць цяпер у барацьбе з рэжымам. Не спыняюцца, працягваюць ісці кожны дзень да перамогі, ствараюць, натхняюць.
Менавіта жанчыну-беларуску прызнае ўвесь цывілізаваны дэмакратычны сусвет як нацыянальнага лідэра Беларусі.
…Я не збіраюся апраўдвацца перад такім людзьмі за тое, што яшчэ з’яўляюся жонкай і маці, за тое, што я самастойна прымаю рашэнні, за тое, што працую і зарабляю нароўных з мужчынамі.
У нашай Асацыяцыі шмат паспяховых жанчын. Я па-сапраўднаму ганаруся імі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное