Общество

Алена Лапцёнак

Максім Знак: Ды хіба ж гэта гераізм – проста быць чалавекам?

Новае выданне выдавецкай серыі «Беларуская турэмная літаратура» – дакументальны раман палітзняволенага адваката, кандыдата юрыдычных навук Максіма Знака «Зэкамерон».

У літаратурным творы, які складаецца са 100 даволі лаканічных навэл, апісваюцца гісторыі з побытавага жыцця вязняў Пішчалаўскага замку, пэўныя характары сукамернікаў.

Максім Знак знаходзіўся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску паўтара года: з верасня 2020 да снежня 2021. Суд над ім і Марыяй Калеснікавай праходзіў у закрытым рэжыме і вынес пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 10 год ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Марыя Калеснікава атрымала 11 гадоў агульнага рэжыму.

На пачатку студзеня 2022-га Максім Знак быў накіраваны ў калонію Віцьба-3. У траўні ААН прызнала его зняволенне неправамерным.

Раней палітвязень актыўна займаўся спортам, сярод захапленняў – бег на доўгія дыстанцыі, трыятлон. Таксама Максім піша вершы, грае на гітары і выконвае аўтарскія песні, удзельнічаў ў бардаўскіх фестывалях.

На Валадарцы Максім вельмі шмат чытаў: на сённяшні дзень у ягоным спісе прачытаных кніг іх 525 – гэта за два гады з невялікім хвосцікам! І пісаў на той час па 15 лістоў удзень. Зараз з гэтым значна складаней, бо, па-першае, у калоніі вязні працуюць, вольны час абмежаваны, а па-другое, карэспандэнцыю не ад сваякоў вязням не аддаюць.

Спынены і тэлеграм-канал «Невероятные письма. Максим Знак», які вёў бацька. Паміж сабой яны ліставаліся на роднай мове, а ў канале публікаваліся вытрымкі з лістоў і да іншых сваякоў, сяброў.

Працытуем рэакцыю Максіма на публікацыю часткі «Зэкамерона» у маскоўсім часопісе «Знамя»:

З ліста №466 ад 27.07.22

... цікавы водгук (на «Зэкамерон») ад актрысы, але «я б не змагла» – занадта катэгарычна. Ніхто не герой да таго часу, як настане такі збег абставін, што інакш, на жаль, не атрымліваецца. Ды хіба ж гэта гераізм – проста быць чалавекам? Але спадзяюся, што нікому не давядзецца тэсціць свае чалавечыя вартасці…

Так, нібыта быць чалавекам проста, але ж людзі ўсе розныя, і пад словамі «заставацца, быць чалавекам» маем на ўвазе найперш Чалавека – неабыякавага, таго, хто праяўляе найлепшыя якасці і хто можа быць прыкладам.

Наколькі ў сённяшніх умовах гэта гераізм, здаецца, відавочна. І Максім, безумоўна, герой, адзін з тысяч, дзесяткаў тысяч, сотняў, хто наважыўся зрабіць выклік сістэме. А да ўсяго ён яшчэ шмат у чым таленавіты, «Зэкамерон» сведчыць пра гэта.

Брэд Піт

Мода там увесь час змянялася, але мода на прычоскі тут вось ужо які сезон заставалася нязменнай. Стрыжак можна было прыдумаць шмат, але для майстра былі даступныя толькі дзве прылады цырульніка — брытвенны станок і машынка, але машынка — гэта калі вельмі пашанцуе. Затое кожны мог паспрабаваць свае сілы на новай ніве. Звычайна атрымлівалася так сабе.

Аказваецца, нават пагаліцца налыса было не так проста. Па-першае, «нагола», або «пад нульку», мела столькі ж варыянтаў, колькі слоў для адценняў снегу ў эскімосаў.

Па-другое, і валасы, і чарапы адкрыта расчароўвалі. Ну і, па-трэцяе, у працэсе стрыжкі магло стаць сумна, і канцэнтрацыя трохі гублялася.

Каб моцна не сумаваць, перш чым згаліць рэшткі валасоў з неідэальнага чэрапа, цырульнікі-пачаткоўцы абавязкова выстрыгалі што-небудзь вельмі пацешнае ў залежнасці ад свайго таленту і фантазіі. Часам трапляліся кліенты, якія чамусьці чапляліся за рэшткі сваіх валасоў і ўспаміны пра іншае жыццё. Яны згаджаліся стрыгчыся толькі пасля цвёрдага абяцання майстра, што ўсё будзе добра і валасы застануцца, прычым не выспамі, а мацерыкамі.

Адзін з валасацікаў доўга сам сябе стрыг «пад гаршчок», а калі гэта стала вельмі ўжо дзіўна выглядаць, прыняў непазбежнасць і атрымаў ад родных ліст з малюнкамі, як стрыгчы правільна. Усе паглядзелі: выглядала не вельмі складана. Знізу так, зверху — гэтак, і ўсё гатова, усё прыгожа! Быў абраны найлепшы з даступных майстроў-цырульнікаў, і з яго ўзялі клятву: стрыгчы строга па інструкцыі.

— Не бойся, браценік! Пастрыгу цябе як галівудскага акцёра!

— Крута! Зрабі як у Брэда Піта!

— Базару нуль. Брэд будзе самы настаяшчы!

Усе астатнія ўладкаваліся на нарах глядзець і каментаваць. Ён сеў на трамвайку... І панеслася! Майстар-цырульнік чартыхаўся і скакаў вакол з машынкай, народ каментаваў, не саромеючыся ў выразах, і выказваў розныя гіпотэзы наконт выніку. Былы валасацік бляднеў, чырванеў, пацеў, а валасоў у яго заставалася ўсё менш... І вось апошні штрых майстра — і яго задаволенае, але злёгку вінаватае:

— Браценік! Пастрыг як у Галівудзе! Прабач, Брэд Піт крыху не выйшаў. Нічога! Будзеш як Брус Уіліс!

Няўдачлівы

Вельмі хацелася падстрыгчы пазногці па-сапраўднаму: не вось гэта вось усё з тупымі нажніцамі, якія выдавалі па заяве, а па-сапраўднаму. Ён ведаў, што ў некаторых хатах ёсць шчаслівыя ўладальнікі абцужкоў для пазногцяў, і пісаў родным: дашліце, дашліце, дашліце!

І даслалі! Рэжымнік прынёс на азнаямленне акт канфіскацыі забароненых прадметаў: маўляў, азнаёмцеся, вам даслалі абцужкі. Усё ў парадку, мы іх ужо канфіскавалі!

— Дык а як жа? Бо я ж бачыў! У людзей!

— Ну, значыць, там медчастка дазвол выпісала.

— А як жа? А мы ж можам? Ну, з вамі неяк?

— Не, не можам. Мы і так часта ідзём вам насустрач. Вось учора хлопцу вашаму перад этапам рэчы дапамаглі перадаць, а маглі ж па правілах. У правілах запісана, што сваякі могуць рэчы са склада забіраць. А дзе запісана, што вы можаце на склад нешта пакласці, га?!! Вось тое ж! — сказаў на заканчэнне ён.

Усё было зразумела. Напісалі заяву, на наступны дзень прыйшла доктарка. З ёй перамовы вёў яго рэгулярны пацыент, у якога балела то адно, то іншае.

— Доктар, нам бы дазвол на абцужкі для пазногцяў. Вы ж можаце выпісаць?

— Вам — не!

— А што так?

— Ну, вось калі б у каго-небудзь з вас быў бы ВІЧ ці пранцы… Ці хаця б грыбок, то я магла б даведку выдаць, што патрабуюцца абцужкі ў асабістае карыстанне. А так — на жаль.

— А што ж нам рабіць, калі мы такія няўдачлівыя? Ну няма ні ў кога ні ВІЧ, ні пранцаў.

Доктарка жарт відавочна не распазнала і на поўным сур’ёзе парэкамендавала прасіць нажніцы на прадоле. Праўда, адны нажніцы абслугоўвалі шмат хат, у якіх маглі сядзець людзі, якім больш пашанцавала з хваробамі, але ў якіх не было асабістых абцужкоў.

Гэтая праблема была вядомая, таму нажніцы і іголкі агульнага карыстання апускалі ў полымя запалкі. Так было крыху спакайней.

Гэтым вечарам ён доўга глядзеў на акт канфіскацыі абцужкоў, а потым усё ж напісаў заяву на нажніцы. А на наступны дзень іх прынеслі, але нейкія вельмі дзіўныя:

— Гэта што?

— Гэта нажніцы!

— А чаму канцы загнутыя?

— Яны з медчасткі, хірургічныя.

— Ды нам проста пазногці пастрыгчы.

— Ды добра! Можаце заадно і апендыцыт адзін аднаму выразаць, — па-добраму пажартаваў прадольны.

Але ім зноў не пашанцавала: апендыцыт нікому выразаць было не трэба.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)