Филин

Сяргей Васілеўскі

Карбалевіч: «Лукашэнка чамусьці думае, што ўвесь народ падчас унутраных забурэнняў устане на абарону рэжыму»

Беларусаў ізноў заклікалі рыхтавацца да вайны, якую «пакуль ніхто супраць нас не развязвае».

Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з удзелам прэм’ер-міністра і кіраўнікоў сілавых ведамстваў на вайсковым палігоне Абуз-Лясноўскім. Ягоны заявы традыцыйна ўжо тычыліся ваеннай пагрозы. Адной з галоўных тэмаў нарады сталі беспілотнікі.

Пра тое, што могуць азначаць агучаныя на палігоне заявы, Филину патлумачыў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

— На Абуз-Лясноўскім палігоне Лукашэнка шмат казаў пра беспілотнікі як новы фактар сучаснай вайны. Пра іх значэнне, пагрозу, пра магчымыя сродкі супрацьдзеяння. Як адзначае дзяржаўная прэса, менавіта гэтая тэма была галоўнай на нарадзе. Пры гэтым не гучала тэма расійскіх «шахедаў» у беларускім небе. Пра што сведчыць сама гэтая нарада? Ці ёсць тут і праўда след расійскіх залётаў у паветраную прастору Беларусі?

— Я паглядзеў бы на сітуацыю трошкі шырэй, бо Лукашэнка казаў не толькі пра беспілотнікі. Ён казаў пра войска агулам, пра тое, што яно навінна быць прыведзенае ў стан поўнай боегатоўнасці.

Што трэба яшчэ раз усіх праверыць, яшчэ раз усіх мабілізаваць. Прычым, не толькі вайскоўцаў, але і народнае апалчэнне, тэрытарыяльную абарону і нават паляўнічых і рыбаловаў. І нейкае новае падряздзяленне з кантрактнікаў стварыць.

То бок, гэтая палітыка мілітарызацыі, ліхаманка мілітарысцкая цягнецца ўвесь час, асабліва з пачатку вайны Расіі супраць Украіны. І можна сказаць, што з пачаткам вайны Лукашэнка праводзіў нарады, прысвечаныя абароне, ледзь не два разы на месяц.

А цяпер ён проста вярнуўся да гэтай практыкі. І цяпер стаіць задача падтрымання не толькі войска, але і грамадства ў стане мабілізацыйнай гатоўнасці. То бок, фармаванне крэпасці ў аблозе. Вакол ворагі, унутры ворагі — таму трэба мабілізацыя.

Гэта патрэбна для таго, каб падтрымліваць у стане пастаяннай мабілізацыі і дзяржаўны апарат, і сілавыя структуры, і чынавенства, і грамадства ў цэлым.

Гэта спрыяе падтрыманню дысцыпліны і развязвае рукі дзеля палітычных рэпрэсій. Бо калі мы рыхтуемся да вайны, то якія тут могуць быць гульні ў дэмакратыю ці лібералізацыю? Крэпасць у аблозе — ідэальная мадэль для захавання ўлады. І гэта ідэальная мадэль усіх недэмакратычных рэжымаў.

Лукашэнка ўвесь час звяртаецца да гэтай тэмы дзеля таго, каб падтрымліваць атмасферу хуткай вайны. І таму ён такі супярэчлівы. З аднаго боку кажа, што мы рыхтуемся да вайны. А з другога ён не бачыць ніякіх прыкметаў таго, што на нас збіраюцца нападаць.

Што тычыцца беспілотнікаў, то вайна ва Украіне паказала, што гэта вельмі эфектыўная зброя, калі ацэньваць іх кошт і якасць. Сапраўды, можна сказаць, што гэтая вайна ўнесла асноўныя змены ў ваенную тактыку дзякуючы беспілотнікам.

І тое, што ён звярнуўся да гэтай тэмы, цалкам зразумела. Я думаю, што сёння ўсе арміі ў свеце звярнуліся да тэмы беспілотнікаў, бо гэта насамрэч вельмі эфектыўна. І тое, што робяць украінскія беспілотнікі на тэрыторыі Расіі, толькі падкрэслівае гэта.

А калі казаць пра расійскія беспілотнікі, то гэта непрыемная тэма. І яе лішні раз агучваць не хочацца. Лукашэнка пра яе казаў падчас урачыстай прамовы 17 верасня. Казаў пра яе вельмі ўскосна. Ён усяляк хаваў, што расійскія дроны нясуць нейкую небяспеку і пагрозу.

Уступаць у нейкую палеміку з Расіяй яму нявыгадна. І тым больш, гледзячы па ўсім, прычына гэтых залётаў у тым, што ўкраінская сістэма радыёэлектроннай барацьбы змагла перанакіроўваць гэтыя дроны. Яны ляцяць зусім у іншы бок, чым трэба.

І што тут можна зрабіць у такіх умовах, калі гэта галоўная прычына, цяжка сказаць. Гэта праблема невырашальная, пакуль ідзе вайна ва Украіне.

Непрыемнасць тут яшчэ і ў тым, што ўсё гэта разбурае прапагандысцкі міф пра мірнае неба над нашай краінай. І што Лукашэнка — гарант гэтага мірнага неба, гарант бяспекі. Гэта галоўная тэза, з якой ён збіраецца ісці на прэзідэнцкія выбары.

А расійскія беспілотнікі ў небе над Беларуссю псуюць гэтую карціну. І таму лішні раз пра іх лепш не ўзгадваць.

— Яшчэ адзін характэрны момант. Лукашэнка ў каторы раз заклікаў рыхтавацца да вайны, казаў пра гэта нібы пра вырашаны момант, наканаванасць. І пры гэтым папярэдзіў прысутных, што вось зараз мы навядзём парадак у сельскай гаспадарцы, а зімой возьмемся за войска, КДБ ды іншых сілавікоў. Што гэта было? Нібы вайна на парозе, а ў нас усё па каляндарным графіку.

— Хутчэй за ўсё, Лукашэнка сам не верыць у хуткую вайну, у тое, што на Беларусь збіраюцца нападаць. І таму ўсе вучэнні лепш праводзіць узімку, калі снег ляжыць на палях. У гэтым плане ўсё лагічна.

А тое, што ў абароне задзейнічанае не толькі войска, але і МУС, і КДБ, і тэрытарыяльная абарона, і нават паляўнічыя і рыбаловы, сведчыць пра тое, што гаворка ідзе не толькі пра вонкавую пагрозу рэжыму.

Улады ўвесь час асцерагаюцца нейкіх унутраных забурэнняў. Бо тыя ж паляўнічыя, ці апалчэнне для нейкага вонкавага ворага наўрад ці ўяўляюць нейкую пагрозу. Яны хутчэй могуць быць задзейнічаныя ў часе нейкіх унутраных забурэнняў. Напрыклад, супраць рэйду ваяроў Палка Каліноўскага.

І таму ўвесь час трымаюць у памяці менавіта гэтую пагрозу. Лукашэнка чамусьці думае, што ўвесь народ падчас такіх забурэнняў устане на абарону рэжыму. Чаму ён так думае, гэта яго праблема.

А тое, што гаворка ідзе не толькі пра вонкавы канфлікт, але і пра ўнутраны, мне падаецца, гэта відавочна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(15)