Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Чаму беларускі рэжым не спыняць рэзалюцыі ААН і справаздачы Дзярждэпу ЗША

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман патлумачыў Филину, чаму беларускі рэжым не палохае міжнародная рэакцыя на рэпрэсіі ўнутры краіны.

— Вярхоўны камісар ААН у сваёй справаздачы прызнаў дзеянні беларускага рэжыму ў 2020-м злачынствам супраць чалавечнасці.

Гэтая падзея, натуральна, апынулася ў цені навіны пра гаагскі ордар Пуціну. І тым не менш, што гэта азначае для Лукашэнкі, ці турбуе яго такое развіццё падзей?

— Я б не звязваў між сабой гэтыя падзеі — справаздачу ААН і ордар Пуціну, гэта хутчэй супадзенне. Але гэты сігнал відавочны, для Лукашэнкі гэта непрыемна. Паколькі так проста ад гэтага ўсяго ўжо не адмахнуцца.

На прыкладзе Пуціна ён пабачыў, што Міжнародны крымінальны суд гатовы пераследаваць нават кіраўніка ядзернай дзяржавы. Усё выглядае сур’ёзна, таму яго гэта павінна было занепакоіць.

Я думаю, што Лукашэнка і раней да такіх абвінавачванняў ставіўся досыць сур’ёзна. Бо ён ведае пра тое, што здарылася з Мілошавічам ды іншымі дыктатарамі, чый лёс ён прымярае да ўласнага.

І цяпер ён пабачыў, што руку паднялі нават на кіраўніка Расіі. А тут і на яго з’яўляецца адпаведная база, каб у будучыні прыцягнуць да адказнасці. Я думаю, што Лукашэнка гэта зразумеў.

А тыя выканаўцы ў Беларусі, адказныя за рэпрэсіі, як мне падаецца, такіх пытанняў сабе нават не задаюць. Яны гэтым не цікавяцца, жывуць сённяшнім днём і не зазіраюць надта далёка ў будучыню.

— Калі працягнуць гэтую тэму: у штогадовай справаздачы Дзярждэпу ЗША аб правах чалавека ў свеце беларускім падзеям прысвечаны адзін з самых вялікіх раздзелаў.

Пры гэтым мы бачым, што рэпрэсіі толькі абвастрыліся. Ідзе новая хваля пераследу незалежных журналістаў, напрыклад. Пра што гэта сведчыць: рэжым ужо не можа спыніць рэпрэсіўную машыну ці рэакцыя Захада для яго — усяго толькі словы?

— Паўтаруся, што Лукашэнку, напэўна, не надта прыемна ад думкі, што ў будучыні ён можа быць прыцягнуты да адказнасці за ўсё гэта.

Але я думаю, Лукашэнка ўжо зразумеў, што дасягнуў такога ўзроўню, калі нейкія дадатковыя крокі ўнутры краіны ў плане рэпрэсій нічога прынцыпова не вырашаюць. Калі будуць прыцягваць да адказнасці, то будуць прыцягваць.

І нейкія разважанні пра чарговае траплянне ў амерыканскую справаздачу, пра тое, наколькі падрабязна ў ёй апісваюцца падзеі, яго ўжо мала цікавяць. Лукашэнка вырашае свае надзённыя пытанні.

Ён бачыць перад сабой пэўныя праблемы, бачыць, што па-ранейшаму застаюцца нелаяльныя да яго людзі, і ён вырашае гэтую праблему. І таму механізм рэпрэсій запушчаны, спыніць яго Лукашэнка не жадае. Яго пераследуе «прывід 2020 года». Гэта траўма з ім назаўседы.  

Немагчыма спыніць, пакуль існуе хоць якая пагроза, нават патэнцыяльная. У гэтым сэнсе ў Лукашэнкі абсалютна сталінская логіка. І ён ёй карыстаецца, так працуе гэты механізм: калі нешта разглядаецца ў якасці патэнцыйнай пагрозы, яно знішчаецца.

А як на гэта будуць рэагаваць на Захадзе ці дзе яшчэ заўгодна, і якія за гэта могуць быць пакаранні, сёння Лукашэнку гэта асабліва не цікавіць.

Тым больш, што ён для сябе ўсвядоміў, што нейкія сапраўды сур’ёзныя, балючыя эканамічныя санкцыі могуць чакаць яго за нейкія крокі ў напрамку вайны. За дзеянні на знешнім контуры.

А за тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, могуць быць нейкія заявы, магчыма, пагрозы, але нейкіх канкрэтных крокаў не будзе.

І пакуль выглядае так, што ён у гэтым мае рацыю. Мы бачым, якія прысуды выносяць суды, на які ўзровень выходзяць рэпрэсіі. І пры гэтым мы не чуем ніякіх размоваў пра санкцыі за гэта, пра нейкія дзеянні Захаду ў адказ.

Возьмем той жа прысуд Алесю Бяляцкаму. З заявай выступіла толькі Польшча, якая прапанавала ўвесці санкцыі і пакараць адказных. Гаворка пра нейкія сур’ёзныя эканамічныя санкцыі не ішла, як я разумею. Але нават і гэтага не было зроблена.

І гэта гаворка ідзе пра нобелеўскага лаўрэата, пра сусветнавядомага чалавека. То што ўжо казаць пра іншыя выпадкі?

— Гісторыя ў Гродна, дзе спецслужбы нібыта застрэлілі замежнага грамадзяніна, абрастае канспіралагічнымі версіямі. Напрыклад, пра тое, што такім чынам улады імкнуцца рэабілітавацца ў вачах Масквы пасля падзей у Мачулішчах. Наколькі гэтая падзея ўпісваецца ў сённяшнюю рыторыку ўладаў пра вонкавую пагрозу?

— Я б пачаў з канспіралагічнай версіі. Калі мы будзем сыходзіць з таго, што гэта нейкая інсцэніроўка, а яе адрасаты сядзяць у Расіі, то мы павінны разумець, што калі гэта будуць сапраўдныя спецыялісты, а не эксперты з праграмы Салаўёва, то яны хутка разбяруцца, што гэта інсцэніроўка. Такімі спосабамі гэтым людзям нічога не дакажаш.

Што тычыцца ўсяго, што сыходзіць ад беларускіх уладаў, то мы ведаем, што такое лукашэнкаўскі рэжым. Мы ведаем агенду гэтага рэжыму, ягоную схільнасць да перабольшвання і адкрытай хлусні.

Таму мы павінны ставіцца да такіх гісторый крытычна. Тым больш, што такія выпадкі заўсёды непразрыстыя. І слова «нібыта», якое так раздражняе дзяржаўных прапагандыстаў у публікацыях незалежных СМІ, тут цалкам слушнае і дарэчнае.

Калі паглядзець на агульны фон, то, натуральна, гэта патрэбна КДБ, ад якога чакаюць вынікаў. Лукашэнка ж ім загадаў, таму ім неабходна прадэманстраваць штосьці гучнае. Таму магчыма, што такія гісторыі і нараджаюцца ў выніку таго, што выканаўцам неабходна дэманстраваць свае поспехі.

Дый Лукашэнка любіць такія гучныя заявы, бо яны адначасова дазваляюць адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца ў краіне насамрэч.

Тут цікавы сам механізм: пэўны погляд на падзею фармуецца ў працэсе. Як было з Мачулішчамі — спачатку ўлады маўчалі, а потым выйшаў Лукашэнка і агучыў афіцыйную версію.

Прыкладна тое самае было цяпер у выпадку з Гродна, калі спачатку з’явілася даволі павярхоўная інфармацыя, потым нейкі час нічога не паведамлялася, і ўрэшце мы пачулі ад Лукашэнкі версію ўладаў.

То бок, нешта здараецца, падрабязнасцяў гэтага мы не ведаем, бо маем толькі фрагментарныя звесткі. А потым на падставе гэтага прымаецца рашэнне прадставіць той ці іншы сцэнар.

І тут ужо пытанне, што з гэтага адпавядае рэчаіснасці. Тут трэба вельмі скурпулёзна і крытычна аналізаваць. Зрабіць гэта цяжка з-за адсутнасці поўнай і адкрытай інфармацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(28)