Экономика

Як Шакуцін заляцеў мінімум на $40 мільёнаў

Наша Нiва – з захапляльнай гісторыяй, якая раскрывае цяперашнія механізмы вялікага бізнэсу ў Беларусі. Шматпакутны комплекс «Шантэр Хіл» на праспекце Пераможцаў у Мінску можа давесці сябра Аляксандра Лукашэнкі да цугундара. І не аднаго яго.

«Шантэр Хіл». Фота: realt.onliner.by

У 2013-м Аляксандр Лукашэнка асабіста дамаўляўся з кітайцамі аб выдзяленні льготнага крэдыту для сябра сваёй сям'і Аляксандра Шакуціна, які задумаў вырасціць каля Драздоў грандыёзны, на 140 тысяч квадратных метраў, бізнэс-квартал «Шантэр Хіл».

Колькі інвеставаў сам Шакуцін, дакладна невядома. Банкі звычайна просяць, каб кліенты ўносілі ўласнымі грашыма хаця б 10% ад агульнай сумы. Кітайцы ж дакладвалі $120 мільёнаў.

Паручальнікам стала дзяржава праз гарантыі ўрада. Калі пазычальнік не зможа вярнуць грошы, крэдыт стане абавязкам бюджэту.

Фінансавая мадэль ясная. Уласнік «Амкадора» планаваў гасіць крэдыт з арэндных прыбыткаў пасля ўводу аб'екта ў эксплуатацыю. Пачаўшы будаўніцтва ў 2016-м, Шакуцін меўся здаць яго летам 2019-га, але не паспеў.

Памылкі ў канструктарскіх рашэннях запавольвалі будоўлю, тут жа пачаўся перыяд буйных няўдач у асноўным бізнэсе.

Санкцыі закрылі Захад, кітайская экспансія звузіла магчымасці ў Расіі.

Як кажуць бізнэсмены, якія займаюцца экспартам тэхнікі, да выхаду заходнікаў з Расіі кітайская прадукцыя была ў слабой пазіцыі, бо не існавала арганізаванага абслугоўвання і каналаў паставак расходнікаў. Цяпер усё гэта ёсць, і кітайскія аналагі атрымліваюцца таннейшымі за беларускія па ўсіх параметрах. Гэта праблема не толькі МТЗ і МАЗа, але і для «Амкадора» Шакуціна.

Праз тое, што ў адным месцы звышпрыбыткі зніклі, а ў іншым іх не здарылася, ён не тое што не можа дафінансоўваць будоўлю, але вымушаны трыбушыць і знякроўліваць свае профільныя актывы, каб з цяжкасцямі, пры ўсебаковым спрыянні дзяржавы, вышукваць грошы на пагашэнне доўгу перад кітайцамі, у якіх не прынята дыскантаваць крэдыты сябрам Лукашэнкі.

Мы можам прыкладна ўявіць, колькі Шакуцін выдаткаваў на «Шантэр Хіл» за гэтыя гады, нават не ведаючы дакладнай працэнтнай стаўкі і тэрміну кітайскага крэдыту.

Малаімаверна, каб Шакуцін атрымаў настолькі льготны крэдыт, каб ён быў таннейшым за базавыя стаўкі кітайскага Цэнтрабанка. У 2016-м годзе, калі пачыналася будаўніцтва, стаўка складала 4,3%.

Возьмем гэты працэнт як арыенцір для разумення парадку лічбаў.

Шакуцін мог атрымаць адтэрміноўку пагашэння цела доўга на час будаўніцтва (2016-2019), а мог і не атрымаць. Гэта мала мяняе сутнасць. Толькі за першыя тры гады Шакуцін па ніжняй планцы падлікаў меўся выплаціць кітайцам каля $15 мільёнаў гадавымі.

Ён карыстаецца грашыма ўжо восем год, а прыбытку ад іх ніякага не атрымлівае. Апошнія гады стаўка ў Кітаі плаўна зніжалася да сённяшніх 3,35%.

Калі б Шакуцін выплачваў толькі працэнты, то яго выдаткі сягнулі б пад $40 мільёнаў без уліку ўласных інвестыцый.

Калі ж ён ужо пачаў гасіць цела крэдыту, адпаведна, скарачаючы базу, з якой налічваюцца гадавыя, то выдаткі будуць блізкімі да сотні мільёнаў даляраў.

Тонкасці дакладных лічбаў вядомыя толькі пагружаным у ягоныя балансы і фінансавыя справаздачы.

Але праблемы відавочныя пры любой методыцы падліку, хоць сам Шакуцін і сказаў бы, што фармальных стратаў у яго няма — ёсць толькі выдаткі на тое, што існуе і нечага каштуе. Ну, хіба што толькі не акупляецца.

Вельмі падобна, што пад бязлюдным недабудам на праспекце Пераможцаў і хаваецца большасць праблем галадаючага «Амкадора» і вялікай сям'і ягоных «дочак».

Самастойна давесці праект да розуму ягоны аўтар цяпер не ў стане. У гэтым сэнсе траекторыя лёсу Шакуціна вельмі нагадвае траекторыю лёсу Юрыя Чыжа, які таксама на чужыя грошы пазалазіў у праекты, якія не змог пацягнуць і акупіць, і ў выніку страціў усё.

Пакуль што, наколькі можна разумець, дзяржава не дапамагае Шакуціну гасіць доўг наўпрост з бюджэту, але робіць гэта праз дыскантаванне ўнутраных крэдытаў і рэфінансаванне абавязкаў «Амкадора» і даччыных кампаній перад беларускімі банкамі.

Пра тое, што сітуацыя менавіта такая, ускосна сведчыць і сёлетняе расследаванне «Белпола», у якім аўтары прывялі множныя факты невытлумачальных рэверансаў дзяржавы ў бок Шакуціна. Імаверна, тут самы значны матыватар — пытанне разліку з кітайцамі, а не вялікі клопат пра Шакуціна.

Што цяпер рабіць бізнэсмену? Па логіцы — шукаць дурных увайсці ў праект; а яшчэ і ўвайсці так, каб цалкам не выставіць за дзверы самога Шакуціна, які столькі год адмучыўся.

І можна ўявіць, што знайсці партнёра, гатовага выкупіць частку бізнэсу (а заадно і частку доўга), Шакуціну сёння не так проста.

Людзей, здольных пацягнуць такія інвестыцыі, унутры краіны малавата, а расіяне не спяшаюцца ў Беларусь па тых жа прычынах, што і заходнія капіталы — самадурства Лукашэнкі ў любы момант можа памножыць іх інвестыцыі на нуль.

Ды і сама бізнэс-думка, якая ў 2013-м нарадзіла паперу з праектам «Шантэр Хіла», ужо састарэла: у Мінску прафіцыт арэндных плошчаў, маса плацежаздольных арандатараў уцяклі здымаць офісы ў суседнія сталіцы. Тры офісныя свечкі не абяцаюць залатых гор.

Сёння рукі грэюць метрдатэлі — расіяне загружаюць гасцініцы пад 100%.

У гэтым мог бы быць актуальны бізнэс «Шантэр Хіла», які б дазволіў хутчэй разлічыцца з крэдыторам і зарабіць самім. Але каб перарабіць яго з неперспектыўнага офіснага цэнтра на краі Мінска ў маржынальны апарт-гатэль, трэба мяняць і наноў узгадняць праект, укладваць у пераробку… Маса нюансаў. Тым больш забаўна, што раней Шакуцін ужо мяняў праект, парэзаўшы колькасць гатэльных метраў на карысць офісных. Пралік за пралікам.

У гэтых умовах па Мінску ўжо з паўгода поўзаюць чуткі, што дзяржава разглядае варыянт адабраць комплекс у банкрута. Невядома толькі, на чыю карысць. Сам Шакуцін пра гэта, несумненна, таксама інфармаваны.

Шакуцін — адзіны на здымку без гальштука. Фота прэс-службы Саўміна летам 2024 года

У сітуацыі няпэўнасці на праекце спрабуюць спекуляваць літаратурныя персанажы. Найсвежы такі эпізод здарыўся на мінулым тыдні.

У пятніцу, 29 жніўня, некалькі беларускіх рэсурсаў — «Анлайнер» і OfficeLife, — апублікавалі дзіўныя прэс-рэлізы аб тым, што комплекс «Шантэр Хіл» нібыта перададзены ў кіраванне беларускай IT-кампаніі X-Labs inc., рэзідэнту Парка высокіх тэхналогій.

«X-Labs inc. атрымае комплекс «Шантэр Хіл» і замову на $180 мільёнаў ад кампаніі Blockchain Sports Ecosystem для распрацоўкі перадавых рашэнняў на базе штучнага інтэлекту», — паведамлялася ў тэкстах.

Пад вечар без ніякіх тлумачэнняў тэкст на OfficeLife знік увогуле, а на «Анлайнеры» выдалілі частку пра «атрымае Шантэр Хіл», пакінуўшы — ужо ні да чаго — фота комплексу ў шапцы матэрыялу.

Гэтыя паведамленні цікавыя тым, што паказваюць, якія кадры прабіваюцца на камерцыйны ландшафт у сённяшняй Беларусі, пакуль многія іншыя залеглі на дно.

Кіруе кампаніяй X-Labs inc. беларус Дзмітрый Саксонаў. Укідваць чуткі, што комплекс забірае менавіта ён, Саксонаў пачаў з пару месяцаў таму. Публікацыі ў СМІ — толькі кульмінацыя.

Праз сугучнасць імёнаў мінскія рыэлтары, якія нават не падазравалі пра існаванне Саксонава, сталі дзяліцца адзін з адным плёткамі аб меркаваным прыходзе ў Мінск расійскага дэвелапера Дзмітрыя Аксёнава.

У Беларусі не рэдкасць, калі людзі даведваюцца аб сваім далейшым лёсе са СМІ. І можна ўявіць пачуцці абалдзелага Шакуціна, які з «Анлайнера» даведаўся, што больш не гаспадар свайму стварэнню.

Але, як аказалася ў выніку, гэтае паведамленне было няпраўдай, спекуляцыяй Саксонава з магчымым прыцэлам на вялікую аферу.

Справа ў тым, што і X-Labs inc., і сам Blockchain Sports Ecosystem — гэта праекты Саксонава. «Выдаваць» $180 мільёнаў ён намерыўся сам сабе.

Дзмітрый Саксонаў, фота: pressball.by

У тым, што ў гэтага чалавека быў час зарабіць такія грошы, можна смела сумнявацца — ён толькі нядаўна памяняў чорную робу на прэзентабельны гарнітур. У канцы 2018 года Саксонаў атрымаў чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Базы «Белпола» ведаюць Дзмітрыя Саксонава (1989 г.н.) як чалавека з дзясяткамі эпізодаў махлярства і двума судовымі прысудамі па ч.3 арт. 209.

«Шляхам падману і злоўжывання даверам завалодаў грашовымі сродкамі […]», — апісваюць базы яго кампетэнцыі.

Пасля выхаду з калоніі Саксонаў захапіўся стартапамі. Стартап-сфера — гэта такое месца, дзе можна легальна збіраць грошы на фантастычныя ідэі і потым, калі яны не ўзляцелі, не несці ніякай адказнасці — гэта рызыка, якую прымаюць венчурныя інвестары ў пошуках геніяў.

Зразумеўшы тэму, Саксонаў аб'яднаўся з парай айцішнікаў, якія раней ужо паспяхова, але без практычных вынікаў засвойвалі венчурныя сродкі; абклаўся збяднелымі зоркамі, як, напрыклад, былыя футбалісты Кевін Кураньі і Рамарыа — і стаў развіваць футбольны стартап у Бразіліі.

Дзеці, абвешаныя датчыкамі, гуляюць у футбол, і мяркуецца, што збор інфармацыі і яе наступны аналіз штучным інтэлектам дапаможа футбольным скаўтам больш эфектыўна знаходзіць будучых талентаў, а інвестарам дазволіць укладацца наўпрост у футбалістаў на ранніх стадыях.

Гэта ідэя не новая, ніякіх прыкмет яе прыбытковасці пакуль не відаць. Але тое, што Саксонаў недзе знайшоў грошы прынамсі на разгортванне дробнай школы ў Бразіліі — факт.

А паколькі ні ў тройцы расійскіх кампаній, дзе Саксонаў з'яўляецца акцыянерам, ні ў адзінай ягонай беларускай і не пахне мільёнамі даляраў прыбытку, то падобна, што дзейнічае Саксонаў на чужыя сродкі.

І хоць у яго няма кампаній, як ён заяўляе, ні ў Дубаі, ні на Сейшэлах (мы правяралі кампанію BCS Ecosystem Limited, ад якой ён прадстаўляецца, у сейшэльскім і эмірацкім рэестры юрыдычных асобаў — такой не існуе), гэта не замінае яму прадстаўляцца буйным дзеячам і гастраляваць па офісах даверлівых арабаў у спробе напыласосіць грошай на свае праекты.

Хаця наколькі сапраўдныя самі шэйхі, з якімі Саксонаў падпісвае салідныя пагадненні — таксама вялікае пытанне.

На жывапісным фота ў артыкуле «Анлайнера» за спінамі радасных падпісантаў — лагатыпы неіснуючай юрыдычна Blockchain Sports і яшчэ менш рэальнага рыядскага інвестфонда Jossor Alpha Investment.

Інтэрнэт пра праекты гэтага фонду нічога не ведае, члены ягонага праўлення не маюць дачынення да кіруючай саудаўскай дынастыі. Вэб-сайт «інвестыцыйнага фонду» ўяўляе сабой створаны летась лэндзінг з аплачаным на адзін год хостынгам.

Гэтыя людзі без грошай сабраліся разам будаваць у Саудаўскай Аравіі разумны горад пад кантролем штучнага інтэлекту на 65 гектараў, 1500 вілаў, 3300 кватэраў і футбольную акадэмію. Фота: Onliner.by

Атрымліваецца, спамерская рассылка ўласніка X-Labs inc. па беларускіх медыя аб тым, што ў яго самога ёсць сотні мільёнаў даляраў, беларуская дзяржава паверыла ў ягоныя ідэі і выдзеліла гіганцкі комплекс для «работы над штучным інтэлектам», а арабы выдзелілі 65 гектараў зямлі — гэта, хутчэй, яскравая сучасная адаптацыя казкі пра Ката ў ботах з пазнавальнымі героямі і зразумелымі мэтамі.

Наступнае цікавае пытанне — як узброены ўплывовымі сувязямі ўласнік «Амкадора» абыдзецца з хлопцам, які расхваляваў і яго самога, і ўсю дэвелаперскую тусоўку Беларусі сваім жаданнем нажыцца на шакуцінскіх слязах.