Общество

Андрэй Карась

Як і чаму радыё ў Швецыі загаварыла па-беларуску

«Салідарнасць» працягвае распавядаць пра ўплыў Скандынавіі на нашую краіну. Ці ведалі вы, што ў нядаўнім мінулым «Радыё Швецыі» вяшчала па-беларуску? Расказваем, як так адбылося – у некалькіх фактах.

Фота: Sveriges Radio

«Радыё Швецыі» — тое самае радыё, якое першым у свеце паведаміла пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Для пачатку трошкі гісторыі. Датай заснавання «Радыё Швецыі» лічыцца 1924 год. Да канца 1970-х кампанія адказвала не толькі за радыё, але і за тэлевізійнае вяшчанне ў краіне.

26 красавіка 1986-га «Радыё Швецыі» першым у свеце паведаміла пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС — гэтую інфармацыю ўлады СССР ад сваіх грамадзян хавалі. Навіна дайшла да беларусаў праз заходнія радыёстанцыі.

Замежнае вяшчанне «Радыё Швецыі» пачало ў 1938-м – для інфармавання шведаў за мяжой. Затым узніклі службы на іншых мовах – з канца 1960-х існавала, напрыклад, руская служба «Радыё Швецыі».

Беларускую службу адкрылі для падтрымкі развіцця дэмакратыі і правоў чалавека

Першая праграма на беларускай мове выйшла ў эфір 7 лістапада 2004-га. Адкрыццё беларускай службы адбывалася ў кантэксце пашырэння еўрапейскай інфармацыйнай падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Праект фінансаваўся Шведскім агенцтвам па міжнародным супрацоўніцтве SIDA.

Беларускія праграмы выходзілі 4 разы на тыдзень (з суботы па аўторак): яны давалі сваім слухачам незалежную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, а таксама расказвалі пра розныя сферы жыцця ў Швецыі.

Вяшчанне вялося на кароткіх хвалях. Паводле апытання НІСЭПІ, беларускую службу «Радыё Швецыі» слухалі ў Беларусі каля 140 тысяч чалавек.

Стваральнікам беларускай службы «Радыё Швецыі» быў Дзмітрый Плакс

Літаратар і перакладчык Дзмітрый Плакс эміграваў з Беларусі ў Швецыю ў 1997 годзе. Там ён пачаў супрацоўнічаць з службай замежнага вяшчання «Радыё Швецыі».

Дмітрый Плакс у 2012 годзе

— Я працаваў для рускай праграмы «Радыё Швецыі», і ад самага пачатку ў мяне ўзнікла ідэя, што калі ёсць руская – чаму б не зрабіць і беларускую?! — расказваў Дзмітрый Плакс пра сваю ініцыятыву.

Кіраўніцтва яе патрымала, паколькі ў 2004-м Еўрасаюз стаў межаваць з Беларуссю.

Дзмітрый Плакс стаў адным з двух пастаянных супрацоўнікаў беларускай службы. Ён узгадваў:

– Наша рэдакцыя была нечым кшталту альтэрнатыўнай беларускай амбасады. Амаль усе дзеячы, якія прыязджалі сюды не па дзяржаўнай лініі, ішлі да нас.

Беларуская служба «Радыё Швецыі» вяшчала 5 гадоў 

Праект быў закрыты 1 верасня 2009 года па рашэнні кіраўніцтва, якое істотна перафарматавала працу замежнай рэдакцыі. Сёння «Radio Sweden» выпускае навіны і падкасты на некалькіх мовах, але арыентуецца на інтэграцыю прыезджых, таму сярод моваў радыё – арабская, курдская, самаліская і інш.

Дмітрый Плакс пасля гэтага працаваў у якасці драматурга ў Радыётэатры Шведскага нацыянальнага радыё, у 2022-м узначаліў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Няхай беларускай службы даўно няма, але яна застанецца ў гісторыі ўнікальным праектам па падтрымцы беларусаў. І сёння «Радыё Швецыі» працягвае інфармаваць сваіх слухачоў пра падзеі ў Беларусі.