Общество

Вольга Класкоўская, Новы час

Святлана Курс: «Расія — як той конь у Мюнхгаўзена — з адсечаным задам… Я стаўлю на Беларусь»

Беларусь паміж мінулым і будучыняй — аўтарытарызмам і дэмакратыяй. Разлом унутры грамадства: ідэалагічны і маральны. Беларусь на стыку цывілізацый — «русского мира» і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Разгляд гэтых праблем ёсць стрыжнем новай аўтарскай рубрыкі Новага часу «Беларусь на разломе». Сённяшняя суразмоўца — пісьменніца і перакладчыца Святлана Курс.

Мая сённяшняя суразмоўца — пісьменніца і перакладчыца Святлана Курс. Мы знаёмыя вельмі даўно, таму наша гутарка атрымалася без лішніх рэверансаў. Паразмаўлялі пра ментальны і культурны разлом беларускай нацыі.

«Расійская імперыя ёсць пустка, залітая г..ном»

— Света, што рабіць з ментальнай, культурнай прывязанасцю значнай часткі беларусаў да Расіі? Тым больш што ў сённяшніх умовах яна можа ўзмацняцца.

— Нічога з гэтым не трэба рабіць, трэба працаваць на карысць Беларусі вельмі старанна, з вялікай радасцю, з вялікім аптымізмам, з вялікай любоўю, па-беларуску, рабіць тое, што табе найбольш у жыцці падабаецца. 

Задачай Расіі з’яўляецца раствараць у сабе людзей і народы, мы ўсё гэта ведаем яшчэ з часоў Івана Грознага. Яна растварыла ў сабе Цвярское, Казанскае, Ноўгарадскае княствы, дзясяткі сваіх малых народаў. Тое ж самае Расія хоча зараз зрабіць з беларусамі і ўкраінцамі. Гэта імперыя, якая людзей і культуры ператварае ў пыл. 

Што мы можам супраць яе рабіць? Мы можам толькі ствараць, таму што паколькі Расійская імперыя ёсць пустка, залітая г..ном, то мы можам толькі з гэтай пусткі вырывацца, робячы штосьці добрае. 

Ёсць надзея, што сілы Расійскай імперыі дастаткова падарваныя, таму што яна не беражэ і свае народы, сваіх людзей. Ёй няма дзе ўзяць занадта вялікіх сілаў, ані творчых, аніякіх. Я бачу, як пагаршаецца з кожным днём стан гэтай імперыі, як яе культура робіцца ўсё больш слабай і вымарачнай. Таму адзінае, што мы можам супрацьпаставіць гэтаму ўсяму — гэта якасць, праца і стварэнне. І, канешне, адсутнасць злосці і нянавісці. Альбо, прынамсі, варта кантраляваць гэтыя пачуцці і зберагчы сябе. А ўсё астатняе будзе працаваць само. 

Ведаю, што мае погляды лічацца ў беларускай супольнасці занадта аптымістычнымі і наіўнымі, але яны адлюстроўваюць менавіта тое, што я думаю.  

Святлана Курс

— Гэта праўда, што некаторыя навесілі табе кляймо невылечнай аптымісткі. Але няўжо ты сапраўды верыш, што дэмакратыя хутка пераможа лукашызм і Ціханоўская на белым джыпе трыўмфальна ўедзе ў Мінск?

— Я адзін з самых чорных песімістаў у свеце і заўсёды бачу шклянку напалову пустой, а будучыню чорнай, — смяецца Святлана. 

— Нечаканы адказ… 

— Думаю, мяне лічаць невылечнай аптымісткай таму, што мае думкі многім падаюцца наіўнымі. Ведаеш, многія любяць глядзець на беларускую драму праз мантру «гіне мова, гіне культура», і гэтая мантра паўтараецца з сярэдзіны дзевяностых. Мне асабіста яна проста няблізкай зрабілася. 

Я была песімісткай у дзевяноста пятым годзе — пад уздзеяннем ганебнага рэферэндуму (у выніку рэферэндуму, што прайшоў у Беларусі 14 мая 1995 года, рускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай мовы, таксама былі зацверджаныя ў якасці дзяржаўных сімвалаў трохі перайначаныя савецкія герб і сцяг. — В.К.). Была я вялікай песімісткай у 1996-м, калі Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет.

А цяпер я проста бачу гістарычную перспектыву, і яна мне падаецца даволі аптымістычнай. Хаця калі памылюся, мяне ж за гэта ніхто не застрэліць, праўда? Я маю права на памылку, маю права быць аптымістычнай, маю права нават дурніцай выглядаць — каму гэта замінае?

Не ведаю, як менавіта пераможа дэмакратыя, але, безумоўна, нармальнасць нейкая прыйдзе. А ці спадарыня Святлана прыедзе на белым джыпе, ці хтосьці іншы і як менавіта будуць разгортвацца падзеі — я гэтага не ведаю і ведаць не магу. 

Проста за сваё жыццё я назірала вельмі шмат цудаў у добрым сэнсе слова, як і чорных цудаў, даўно жыву — мне 52 гады, і жыццё маё ніколі не было лёгкім. І я веру, што сітуацыя нармалізуецца. Толькі што нам прыйдзецца пабачыць яшчэ вельмі шмат кепскіх рэчаў. Зрэшты, мы іх штодня назіраем…

Ты ж сама ведаеш і бачыш, у якім свеце мы жывем. Але мне здаецца, што гэтае ўзмацненне дыктатарскіх, чалавеканенавісніцкіх, людажэрных рэжымаў ніколі не стане тым кольцам, што апяразвае ўсю Зямлю, таму што пад гэтымі рэжымамі вельмі кепска жыць. Людзі не любяць пад імі жыць, і гэта істотным чынам аслабляе такія рэжымы, на мой погляд. 

Пра беларускую мову

— Дык усё ж такі: беларуская мова памірае?

— Беларускую мову забіваюць. Гэта вялікая розніца. 

Тое, што я казала на самім пачатку гутаркі, — Расійская імперыя забівае ўсё іншае, што не з’яўляецца гамагенным расійскамоўным народам, ад Уладзівастока да Брэста, разумееш?

Яна знішчае мовы, школы. Мову знішчае тым, што падразае яе карані. Робіцца так, каб за беларускую мову чалавек атрымліваў выспятка і засвоіў урок, што калі ён будзе гэтай «непатрэбнай мовай» займацца, то ён у жыцці не тое што поспеху не зазнае, але, як той жа Алесь Пушкін, апынецца ў турме. 

Фармальна за беларускую мову не пераследуюць, але яе робяць небяспечнай, непрыемнай і брыдкай, адвучваюць ад яе беларусаў, торкаюць іх у яе носам. Іншымі словамі, адбываецца яе вынішчэнне. Але гэта не азначае, што яна памірае таму, што яна неканкурэнтная альбо слабая. 

Я б нават не асуджала тых, хто ад яе адварочваецца. У дзевяностыя гады мне быў уласцівы… як гэта называецца?.. максімалізм, бадай што. Я тады лічыла людзей, якія адвярнуліся ад беларускай мовы і культуры, манкуртамі. Цяпер, дастаткова ўжо пажыўшы на белым свеце, я іх асуджаць не магу.  

Але, канешне, мне цікавей назіраць за тымі, хто ад беларускай мовы і культуры не адмовіцца, бо гэта частка іх саміх. З такіх людзей беларускую мову можна выцягнуць толькі разам з жыццём. А таму яна не памірае альбо памірае разам з чалавекам. 

Пра дыяспары і беларусаў у Беларусі

— Многія кажуць, што паміж эмігрантамі і беларусамі ўнутры краіны расце адчужэнне, што яны апынуліся ў розных галактыках. Як глядзіш на гэту калізію ты?

— Лічу вялікім глупствам будаваць варожасць паміж гэтымі дзвюма групамі, гэта наруку толькі нашым агульным ворагам. 

Я нядаўна была на анлайн-сходзе маіх чытачоў: частка з іх была з Беларусі, частка — суайчыннікі з іншых краін. І нехта з іх трохі няўдала выказаўся, заявіўшы, што не змог бы прабіцца ў Беларусі як навуковец, бо там займаюць месцы «старыя задніцы», памнажаюць старыя стандарты ў навуцы і развівацца ў такім асяроддзі немагчыма. Дык вось адзін з чытачоў успрыняў гэта як абразу для ўсіх пажылых беларусаў, што знаходзяцца на Радзіме. Пачалася сварка. Аднак яна ўспыхнула з-за крыўдаў, што ўзніклі праз хібы камунікацыі. 

Разам з тым для мяне відавочна, што ў нас агульная доля і агульны інтарэс. І, канешне, я ведаю, што беларусы ўнутры краіны жывуць у пекле і канцлагеры.

Але і беларусам, што жывуць без Беларусі, таксама нялёгка. Многія нашыя суайчыннікі вымушаныя пачынаць новае жыццё ў эміграцыі і ў шэсцьдзесят, у семдзесят гадоў — без мовы, без грошай, з букетам хваробаў, з малымі дзецьмі, якія ў шоку ад таго, што іх павывозілі невядома куды. І ёсць такія няшчасныя лёсы, калі чалавек памірае ў эміграцыі, а дзіця застаецца ў чужой краіне адно. 

Не разумею, не бачу глебы, каб тут сварыцца, але калі нехта з некім хоча сварыцца, то я ж, канешне, таксама яму замінаць не буду. На здароўе, толькі мне гэта падаецца глупствам. 

— Як увогуле сшыць разарваную нацыю? 

— Справамі, працай, цярпеннем, чалавечнасцю, прыстойнасцю — хто чым можа. Я не ўзор чалавека, усім гэта цудоўна вядома. І таму не магу раздаваць парадаў, але калі б у мяне іх запыталі, я б адказала менавіта так, як толькі што адказала табе. 

Сшыванне нацыі — доўгі глыбокі працэс, але калі наш вечны вораг не будзе ў яго соўваць свой лыч, наша нацыя гэты шлях пройдзе, таму што яна — цвярозая і спелая. 

Як мы яго пройдзем, якой будзе люстрацыя, якім будзе прымірэнне?.. Прагназаваць гэта цяпер — тое ж самае, што варажыць на кававай гушчы. Мы ж яшчэ не маем гэтага працэсу і фактычна сёння жывем пад акупацыяй. Да мяне даходзілі звесткі, што ў многіх высокіх кабінетах ужо не Лукашэнкі партрэты вісяць, а Пуціна… 

Што ёсць беларускай ідэяй?

— Ці не ёсць паглынанне Беларусі Расіяй толькі пытаннем часу?

— Я б магла пагадзіцца, што гэта толькі пытанне часу, калі б мне не здавалася, што Расія ўжо толкам нікога праглынуць не можа. Ты ж памятаеш, як у барона Мюнхгаўзена каню заднюю частку цела адарвала. Гэты конь піў, але арганізм ужо нічога не мог пераварыць, бо адсутнічала тая частка. 

Сённяшняя Расія — гэта той самы конь з адарванай задняй часткай, унутры яе пустка, крызіс і слабасць, і адзінае, за кошт чаго яна яшчэ трымаецца, — гэта ўнутраныя прыродныя рэсурсы. 

Гэта толькі пытанне часу, калі той конь здохне. Не ведаю, што адбудзецца хутчэй — першае ці мы будзем ператраўленыя... Але я тут стаўлю на Беларусь. 

— Ці варта шукаць беларускую ідэю — або гэта штучная задума? Калі варта, то як бы ты яе сфармулявала? Чым увогуле беларусы як нацыя адметныя, непаўторныя ў гэтым свеце?

— Не магу сказаць, чым беларусы як нацыя адметныя і непаўторныя, бо гэта б азначала, што я магла б зірнуць на сябе звонку як прадстаўніца сваёй нацыі. А я гэтага зрабіць не магу. 

Магу сказаць штосьці пра палякаў ці італьянцаў, пра тых, каго ведаю збоку. Магла б доўга разважаць пра шведаў ці англічан, але не пра беларусаў. 

Тое ж самае і з беларускай ідэяй. Я б яе не фармулявала. Любоў, жыццё і праца — для мяне фармулёўка такая. Людзям, магчыма, здаецца, што гэта занадта агульна, але мне гэтага хапае. Можа быць, яшчэ кавалак зямлі, як у «Новай зямлі» Коласа… Гэтага для шчасця хопіць, няма чаго трэсціся з гэтай ідэяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(10)