Политика

Статкевічу ўручылі прэстыжную прэмію за «нязломную мужнасць»

11 сакавіка ў Празе, на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět, палітыку Мікалаю Статкевічу ўручылі прэмію Homo Homini за «нязломную мужнасць і выключны ўклад у дэмакратычны рух у Беларусі», паведамляе Радыё Свабода.

Узнагароду за Мікалая прымала яго жонка Марына Адамовіч.

— Мікола Статкевіч прысвяціў усе свае намаганні абароне дэмакратыі. Яго мужнасць асабліва выявілася, калі пасля вызвалення ён супраціўляўся спробе прымусовай дэпартацыі і адмовіўся пакідаць краіну, — адзначылі арганізатары фестывалю.

Прэмію Homo Homini штогод прысуджае чэская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцяў. Узнагарода існуе з 1994 года.

У мінулыя гады лаўрэатамі Homo Homini ўжо станавіліся беларускія праваабаронцы: у 2005 годзе прэмію атрымаў Алесь Бяляцкі, а ў 2020-м — прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца.