Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік?
Наша Ніва звярнула ўвагу на цікавую дэталь на здымках з Полацка, дзе ўчора пабываў Лукашэнка.
З мармеладнай полацкай масоўкай Аляксандр Лукашэнка гаварыў праз металічную агароджу. Флангі і тыл яму прыкрывалі шэсць ахоўнікаў.
Масоўка карцінна мірылася з нязручнасцямі, заломвала ў экстазе рукі і прасіла ўвагі.
«Напэўна, троху падмёрзлі?» — клапаціўся пра іх Лукашэнка.
«Нармальна!» — не крыўдавалі першыя шэрагі.
«Затое Дажынкі правялі пасля ўсёй уборкі!» — сказаў Лукашэнка.
«Правільна!» — пагаджаліся яны.
«Вось я вам руку паціснуў — будзеце доўга жыць і хварэць не будзеце!» — абяцаў Лукашэнка.
«Вашае выказванне ўчорашняе пра прэзідэнта Байдэна ва ўсіх навінах глядзім. Лепш, чым вы сказалі, ніхто ў свеце не сказаў», — пахваліла дапушчаная да высачайшай рукі ў адказ.
Але не гэты варты Вольгі Няфёдавай дыялог прыцягнуў увагу інтэрнаўтаў. А скураны чорны чамаданчык у руках аднаго з бодзігардаў Лукашэнкі.
Некваліфікаваныя каментатары нават задаліся пытаннем, ці не пераноску для ядзернай кнопкі такім мімаходам, завуялявана, паказаў пенсіянеркам Лукашэнка.
Не, не пераноску.
Такі скураны чамаданчык — элемент інвентара любога прафесійнага ахоўніка. Пад выглядам канцылярскай сумкі хаваецца куленепрабівальны шчыт з пласцін брані, якія адным узмахам разгортваюцца ў металічную прасціну.
Такія чамаданчыкі ёсць на ўзбраенні ахоўных службаў многіх кіраўнікоў дзяржаў.
Самы вядомы з нядаўніх выпадкаў масавага прымянення такіх шчытоў — гэта замах на Нікаласа Мадура ў 2018 годзе.
Тады такія шчыты яму нічым не дапамаглі, бо пагроза не даляцела да цэлі. Але, прынамсі, свет у жывым эфіры ўбачыў, як такія чамаданчыкі працуюць.
Читайте еще
Избранное