Севярынец: «Прызнанне чатаў сваякоў зняволеных экстрэмісцкімі — прамы адказ рэжыму на блакаванне прапаганды ў YouTube»
Былы палітвязень Павел Севярынец — пра пасыл усім беларусам пасля масавага вызвалення «палітычных».
— Прызнанне чатаў сваякоў зняволеных экстрэмісцкімі — прамы адказ рэжыму на блакаванне прапаганды ў YouTube, – піша Сеярынец. – Ах, вы перашкаджаеце нам хлусіць усяму свету? Тады мы будзем біць «вашых» у Беларусі па самым балючым.
Мала таго, тут пасыл усім беларусам пасля масавага вызвалення «палітычных». Што, паднялі галаву? Удыхнулі надзеі? А ну пад нары!
Пры ўсёй сваёй самацэнзуры чаты сваякоў зняволеных — вельмі небяспечная для рэжыму сетка. У 2020 годзе менавіта звесткі пра здзекі з затрыманых на Акрэсціна сталі дэтанатарам магутнай хвалі пратэстаў па ўсёй Беларусі.
Сведчу з усяго свайго турэмнага і лагернага досведу: рэакцыі сваякоў, «шуму» па-за межамі калоніяў і ізалятараў адміністрацыя баіцца як чорт ладана. Працёкі інфармацыі на волю, да родных падчас спатканняў, тэлефонных званкоў, сустрэчаў з адвакатамі ці вызвалення вязняў — кашмар для таварышаў начальнікаў.
Нават згадкі ў сеціве пра канкрэтную турму ці «зону», ужо ня кажучы пра раптоўны прыезд сваякоў на прыём — надзвычайнае здарэнне і сігнал пра «падрыў асноваў» для паранаідальнай сістэмы.
А самаарганізацыя сваякоў, аб’яднаных абурэннем — асінавы кол і «срэбная куля», ад якой трасе ўсю «вертыкаль» ад опера да Лукашэнкі.
Удар па такіх чатах — рэзкае закручванне гаек, чарговы зрух ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага.
Дзясяткі тысячаў людзей, у тым ліку не палітычных, імгненна пераводзяцца ў стан адкрытых ворагаў. «Жонка ворага народа», «сын ворага народа», «маці ворага народа» — усё гэта беларусы ўжо перажывалі стагоддзе таму.
Запыт на інфармацыю з месцаў зняволення і на падпольную самаарганізацыю пры такіх мерах будзе толькі расці. І праваабаронцам, людзям з досведам, у тым ліку вызваленым палітвязням, а таксама асацыяцыям палітвязняў за мяжой трэба рыхтавацца на гэты масавы запыт адказваць.
Читайте еще
Избранное