«Сапраўдных злых геніяў з іх не атрымаецца – як, безумоўна, і добрых»

Вучоны-хімік Сяргей Бесараб — пра тое, чаго хоча ад навукоўцаў Лукашэнка.

На нядаўняй сустрэчы са студэнтамі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце Аляксандр Лукашэнка не толькі слухаў хваласпевы на свой адрас, але таксама дэманстраваў цемрашальства, вучыў моладзь жыццю і патрабаваў «у паскораным фармаце правесці ў Беларусі новую навукова-тэхнічную рэвалюцыю».

На думку Лукашэнкі, гэта патрэбна, каб «нас не ўцягнулі ў ваеннае супрацьстаянне». «Краіны і народы ўцягнутыя ў гонку за валоданне тэхналогіямі. Мы разлічваем, што вы будзеце гатовыя прыкласці каласальныя высілкі для дасягнення пастаўленай перад дзяржавай мэты», — заявіў правіцель.

Вядома, хацелася б думаць, што ў сістэме, дзе няма свабоды слова і меркаванняў, не атрымаецца прымусова дасягнуць навукова-тэхнічных вышыняў. Але ж у таталітарным Савецкім Саюзе, у нацысцкай Германіі былі навуковыя прарывы і сотні вынаходніцтваў. То і ў беларускага рэжыму, які ўжо мае досвед, як людзей падмануць, запалохаць, шантажаваць блізкімі, можа атрымацца?

Сяргей Бесараб

— Большасць тых, хто ў нацысцкай Германіі рабіў «Цыклон-Б», будаваў ракеты «Фау» — не былі запалоханыя, а рабілі гэта з радасцю, з адчуваннем выкананага абавязка перад грамадствам, — зазначае ў гутарцы з Филинам вучоны-хімік, навуковы камунікатар Сяргей Бесараб. — Бо прапаганда рабіла сваю справу, самая страшная зброя — інфармацыйная. І сёння мы таксама назіраем вайну наратываў, калі важней не ў каго якая зброя, а што ў галаве ў чалавека, які кіруе гэтай зброяй.

У Беларусі мы бачым, на маю думку, тое самае. Шмат хто прыкрываецца пазіцыяй «нас прымушаюць, а мы не хочам рабіць» — але насамрэч большасць навукова-тэхнічных устаноў і прадпрыемстваў, якія трапілі ў санкцыйны ліст (нядаўна ў іх лік увайшлі беларускія кампаніі «Дыяпраектар», Інстытут парашковай металургіі) з задавальненнем робяць зброю і атрымліваюць за гэта грошы.

З гэтым, лічыць навуковец, ускосна звязаныя і заявы Лукашэнкі ў Віцебску пра «дасягненне пастаўленых перад дзяржавай мэтаў».

— А якая ў іх, уласна, мэта? «Не дапусціць вялікай вайны»? Я ў гэтым бачу відавочны  акцэнт на тое, што навукова-тэхнічная рэвалюцыя мусіць быць ваенна-тэхнічнай.

Хаця спічрайтары Лукашэнкі, мабыць, складаюцца пераважна з людзей, выгадаваных яго адукацыяй, пішуць гэтыя прамовы па пошуку ключавых слоў у Google, і напісаныя імі рэчы гучаць проста пачварна ў сучасным кантэксце. Прыгадайце, калі ў 1994 годзе і пазней ён выступаў, імправізаваў, але не выдзяляўся з кола свайго электарату — то цяпер ягоная рыторыка не ўпісваецца ў сучасныя рэаліі.

Ён ужывае словы, значэння якіх не разумее, каб стварыць навукавобразнасць — і за ім усе беларускія чыноўнікі гэтым моцна грашаць. Як казаў выбітны фізік, нобелеўскі лаўрэат Фейнман, «адрознівайце веды аб назвах з’яў ад ведаў аб саміх з’явах». Гэта пра сучасную беларускую навуковую вертыкаль, ды і агулам беларускіх папулістаў.

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР) — такі перыяд, калі адна ці некалькі тэхналогій за вельмі кароткі прамежак часу замяняюцца абсалютна новымі тэхналогіямі. Час паскоранага прагрэсу, інавацый і амаль што імгненнага іх прымянення — якое, у сваю чаргу, выклікае рэзкія змены ў грамадстве.

Спашлюся тут на вядомага філосафа, футуролага Элвіна Тофлера, які вылучае тры рэвалюцыі: аграрная (калі адбыўся пераход у сельскай гаспадарцы ад прымітыўных спосабаў да тэхналогій), індустрыяльная (прамысловы пераварот), інфармацыйная (развіццё постындустрыяльнага грамадства, прыкладна з 1970-х да 2020-х).

Сёння ж мы жывём фактычна падчас чацвёртай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Тэрмін «чацвёртая прамысловая рэвалюцыя» увёў Клаўс Шваб, заснавальнік Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

Паводле яго, гэтая рэвалюцыя базуецца на спалучэнні «жалеза», софта — праграмнага забеспячэння, і біялогіі — пазней пачалі ўдакладняць, што гэта сумесь штучнага інтэлекту, інтэлекту рэчаў, 5G, аўтамабіляў-беспілотнікаў, 3D-друку і г.д.

Зрэшты, некаторыя эксперты кажуць, што ўсё гэта мышыная валтузня, і грамадства не зменіцца так, як яно змянілася з-за вынаходніцтва электрычнасці і рухавіка ўнутранага спальвання.

І з гэтага гледзішча — што мае на ўвазе Лукашэнка, калі гаворыць пра новую навукова-тэхнічную рэвалюцыю? На мой погляд, трэба пытацца ў яго спічрайтараў. Бо Лукашэнка тут проста транслятар, але чый?

У беларускім урадзе, у так званых «элітах» не было і няма тэхнакратаў (ды што казаць пра эліты, калі ў Акадэміі навук размяркоўваюць доступ да інтэрнэту!). Але яны былі сярод расейскіх эліт. І гэта не самы прыемны званочак. Бо пад уздзеяннем вайны ва Украіне ў РФ адбыўся вельмі моцны ўздым, «падняліся» навукова-даследчыя інстытуты, і тыя, хто, так бы мовіць, перагарнуў старонку, уліліся ў гэты працэс.

Мне, як беларусу, тое вельмі непрыемна прызнаваць, але мы ніколі не былі тэхналагічнай нацыяй, як швейцарцы, якія ў навуку вераць больш, чым у бога. У расейцаў гэтай веры значна болей, чым у беларусаў, асабліва зараз, калі нават многія тэхна- ды і проста блогеры стымулююць гэтую цікавасць і веру ў сваю імперскую тэхналагічную моц. Гэта трывожна — паўтаруся, падчас вайны наратываў галоўнае, што ў галаве ў чалавека, які кіруе высокадакладнай зброяй, а не асаблівасці той зброі.

А калі вяртацца да навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў нашай краіне — мяркую, сам Лукашэнка не адкажа, калі яго спытаць, што ён мае на ўвазе. Ляпне штосьці, як з гуманітарыстыкай, — мы ўжо не раз казалі, што ён эталонны цемрашал.

У Беларусі наогул культ дурня, які распаўсюджваецца на ўсю разнастайнасць жыцця. І ён ідэальны элемент, які ілюструе гэты культ, ён лічыць навукоўцаў «яйкагаловымі», але патрабуе ад іх працы «на карысць дзяржавы».

НТР, нагадвае Сяргей Бесараб, складаецца з чатырох асноўных элементаў: навука, тэхналогія, вытворчасць і кіраванне. І каб разважаць пра навукова-тэхнічны прагрэс, трэба ацаніць стан усіх чатырох. Што мае на сёння Беларусь? Ды нічога добрага.

Навукаёмістасць прадукцыі, колькасць навуковых супрацоўнікаў, выдаткі на даследаванні — нават у афіцыйнай статыстыцы бачна, што ўсе гэтыя паказнікі зніжаюцца. «Навукаёмістасць прыкладна на ўзроўні Албаніі», — канстатуе вучоны.

А што тэхналогіі? Эфектыўнасць вытворчасці, эрганоміка, рэсурсазберажэнне, экалагічнасць — нічым з гэтага мы пахваліцца не можам. Наадварот, у навінах раз-пораз мільгаюць паведамленні пра шкодныя выкіды, тэхналагічныя аварыі, бездапаможнасць і уладаў і адмысловых ведамстваў у ліквідацыі іх наступстваў і г.д.

У плане вытворчасці таксама суцэльныя мінусы: на тое, каб укладвацца ў аўтаматызацыю ці новыя матэрыялы, у прадпрыемстваў няма грошай, пра энергетыку сказаць няма чаго: БелАЭС збудавалі, але далёка ад энергаёмістых вытворчасцяў — цяпер перабудоўваюць ЛЭП, а гэта новыя выдаткі, ніякіх прыбыткаў.

— І, нарэшце, кіраванне, — падсумоўвае навуковец.

Для НТР кіраванне — гэта татальная інфарматызацыя, кібернетычныя падыходы, інтэрнет рэчаў. Пра ўсё гэта ў Беларусі нават смешна гаварыць. Груба кажучы, хутчэй на сёння краіна пераходзіць (ды і агулам ці пераходзіць яна насамрэч, а не на словах папуліста?) ад першай НТР, аграрнай, да другой, індустрыяльнай — як спяваў Цой, «все говорят, что мы в месте, но немногие знают — в каком».

— Пры ўсім гэтым мушу зазначыць, што кіраўніцтва дзяржавы абсалютна «адбітае», яно можа ігнараваць любыя рэчы, любыя міжнародныя дамовы. Таму тэарэтычна, калі паставіць сябе на іх бок, яны маглі б звярнуцца ў бок тэхналогій, якія ў свеце забароненыя і выжываюцца з цывілізаваных краін — напрыклад, «гаражная генетыка», кланаванне, нейкія крыптавалюты, пірацкія торэнт-сервісы.

Гэты рэжым мог бы зрабіць з Беларусі такі аналаг «Зоркі смерці», стаць такімі светлавымі чарцямі, канцэнтратам нейкага сусветнага біятэхналагічнага зла. А замест гэтага яны проста абмяжоўваюць доступ да інтэрнету.

Бо ў лукашэнкаўскіх «элітаў» бракуе творчасці і фантазіі — яны нават свае дакументы складаюць такой мовай, як чалавек жывы не можа пісаць. І сапраўдных злых геніяў з іх не атрымаецца — як, безумоўна, і добрых.

Былі б у гэтага рэжыму разумныя дарадцы, ён мог бы не абяліць сябе, вядома, але ўвайсці ў гісторыю як неадназначны. А так мы можам спаць спакойна: там абсалютныя недарэкі. Хіба што расейцы прыкладуць руку, як ужо да сваёй вобласці — калі яны возьмуць у абарот Беларусь, то нейкі «перформанс», безумоўна, зробяць. Але мясцовыя дзеячы на гэта не здольныя.