Паглядзцець на «ажыўшага» Каліноўскага. Запрацаваў новы гістарычны партал з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі

Беларуская гісторыя атрымала новую анлайн-прастору. Пачаў свою працу партал «Гісторыя Беларусі» — сучасны рэсурс, дзе беларусы і замежнікі могуць пагрузіцца ў культурнае і гістарычнае мінулае Беларусі з дапамогай інтэрактыўных тэхналогій.

Цяпер паглядзець на Сафійскі сабор у Полацку можна прама на працоўным стале з дапамогай AR і тэлефона. Таксама, дзякуючы штучнаму інтэлекту, партал можа распавесці пра часы ВКЛ нават дашкольніку — на зразумелай для яго мове.

На партале можна знайсці эксклюзіўныя артыкулы ад аўтарытэтнага беларускага гісторыка, інтэрактыўныя 3D-мадэлі гістарычных аб’ектаў і функцыю штучнага інтэлекту для хуткага доступу да ведаў гістарычнай тэматыкі.

Таксама з дапамогай сучасных тэхналогій распрацоўшчыкі ажывілі гістарычныя партрэты і карціны. Так, можна паглядзцець на «ажыўшага» Кастуся Каліноўскага, Юзафа Панятоўскага і іншых славутых асоб.

National hero of Belarus, Kastuś Kalinoŭski. Photo by Giuseppe Achille Bonoldi, 1862.

Партал створаны дзякуючы падтрымцы беларусаў у Польшчы, праз іх дабрачынныя адлічэнні (1,5%) з падатковых дэкларацый у межах ініцыятывы «Будуй сваё» ад «Новай Беларусі», а таксама з дапамогай партнёраў — FaniMani і Tutaka.

— Народы вакол нас часта прысвойваюць гістарычныя факты і постаці, не пакідаючы месца голасу беларусаў. Партал закліканы данесці свету праўдзівую гісторыю — ад Полацкага княства да сённяшняга дня, — тлумачыць аўтар ідэі Антон.

Паводле Паўла Лібера, кіраўніка тэхкаманды «Новай Беларусі», на распрацоўку партала спатрэбілася паўгода.

— Партал першапачаткова пазіцыянаваўся як аб’ектыўны і кампактны рэсурс па гісторыі Беларусі для англамоўных журналістаў і гісторыкаў, каб яны не чэрпалі веды ў крыніцах, мадыфікаваных СССР і Расіяй. Але наша каманда дастаткова хутка зразумела, што такі прадукт патрэбны і для саміх беларусаў і беларусак, таму што ўнутры краіны гісторыя ўвесь час перапісваецца, — адзначае ён.

Асноўныя мовы партала — беларуская, англійская і польская, аднак для зручнасці ёсць функцыя аўтаматычнага перакладу на іншыя мовы (у тым ліку украінскую, літоўскую, латышскую, эстонскую, нямецкую, французскую, іспанскую і партугальскую).