Филин

Ірына Марозава

«Набіць морду», «свяшчэнная вайна» і аналагічныя заклікі ставяць пад сумнеў нават умоўную нейтральнасць»

Анатоль Котаў — пра тое, ці чакаць ад «нейтральных» атлетаў правакацый на Алімпіядзе ў Парыжы і чаму сёлетнія Гульні асабліва важныя для вольных беларускіх спартоўцаў.

Ілюстрацыйны здымак

Беларускія спартоўцы атрымалі ўжо 20 ліцэнзій на Алімпійскія гульні, што пройдуць 26 ліпеня-11 жніўня ў Парыжу. Нагадаем, прадстаўнікі Беларусі, як і Расіі, могуць выступіць толькі ў нейтральным статусе і толькі індывідуальна. Ні каманды, ні чыноўнікі і дзяржслужбоўцы з краін-суагрэсараў на турнір не запрошаныя.

Беларусаў, у тым ліку хто жыве ў Францыі, не бяруць нават валанцёрамі — канал CNA, які асвятляе падзеі вакол турніру, запісаў гісторыю адмовы беларусу-студэнту Сарбоны.

Асаблівыя меры перасцярогі прымае і ўкраінскі бок. Алімпійцам з Украіны рэкамендавана «максімальна дыстанцыравацца» ад спартоўцаў з Беларусі і Расіі, а пра спробы «правакацый» ці парушэння нейтральнага статусу інфармаваць сваё кіраўніцтва і аргкамітэт Гульняў.

А вось Аляксандр Лукашэнка, які раней рэзка рэагаваў на спартовыя санкцыі, цяпер заявіў: ён, маўляў, не супраць, каб прарэжымныя спартоўцы ехалі на Алімпіяду ў нейтральным статусе. Праўда, дадаў своеасаблівую параду патэнцыйным удзельнікам ад РБ — «набіць ім морду».

Пра меры перасцярогі, а таксама пра тое, ці варта чакаць ад праўладных спартоўцаў скандалаў і ці ёсць у беларускіх атлетаў на Алімпіядзе-2024 шансы на медалі, Филин пагутарыў з экс-генсакратаром НАК Беларусі, кіраўніком міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатолем Котавым.

«Лукашэнку і хочацца, каб нехта паехаў, і ёсць жаданне «не даставайся ж ты нікому»

— Рызыка канфліктаў насамрэч даволі высокая, — зазначае суразмоўца, — таму для ўкраінскіх спартоўцаў і складзеныя рэкамендацыі трымацца як мага далей ад прадстаўнікоў Расіі і Беларусі, каб пазбегчы магчымых праблем з імі.

А ў валанцёраў і іншых катэгорый такіх рэкамендацый проста не можа быць: людзей тысячы (валанцёраў трэба каля 45 тысяч чалавек — Ф.) і ніхто не будзе дзяліць іх па нацыянальнасці. А кожны прыязджае са сваімі думкамі і поглядамі, і для іх немагчыма захаванне нейкай дыстанцыі ад удзельнікаў, таму канфлікты непазбежныя — гэта як у класіцы, «б’юць не па пашпарце, а па твары».

Адмова ў акрэдытацыі для грамадзян Расіі і Беларусі — на жаль, адзінае рашэнне, якое ўпісваецца ў канцэпцыю бяспекі і свята, што не варта псаваць «разборкамі» на ваеннай тэме. Нават калі ты жывеш за мяжой і таксама ўцёк ад пераследу — у 2020-м, у 2010-м ці раней, гэта вельмі доўга высвятляць, і ўсё адно магчымыя нейкія агрэсіўныя праявы.

То бок, гэта вымушаныя меры для арганізатараў, якія клапоцяцца такім чынам пра свята.

Калі казаць пра пажаданне Лукашэнкі паехаць у нейтральным статусе і «набіць морду» — будзем шчырымі, гэта не дадае пазітыўнай аўры беларускім спартоўцам, якія паедуць на Алімпіяду.

Па-першае, тое, што гэта сам Лукашэнка гаворыць, дае дадатковыя падставы сумнявацца ў нейтральнасці прарэжымных спартоўцаў, а па-другое, гэтае выказванне загадзя правакацыйнае.

І так Міжнародны алімпійскі камітэт зрабіў вялікую ласку, дазволіўшы ўдзел спартоўцаў у нейтральным статусе — але ў адказ на гэтую ласку што з расійскага, што з беларускага рэжымных бакоў чуваць прыкладна адно і тое: «набіць морду», «свяшчэнная вайна» і аналагічныя заклікі «ўсім паказаць», што ставяць пад сумнеў нават умоўную нейтральнасць.

Дакладна нічога добрага для тых, хто адабраўся ці яшчэ адбярэцца і атрымае дазвол паехаць на Алімпіяду, сваімі заявамі Лукашэнка не зрабіў. Як, прынамсі, і заўсёды: найбольш высілкаў для таго, каб усё знішчыць, робіць кіраўніцтва спартыўнай галіной. І цяпер для яго складваецца досыць цяжкая, дваістая сітуацыя: з аднаго боку, спорт — гэта ўлюбёная ягоная цацка, а з іншага — яе амаль адабралі, таму і хочацца, каб нехта паехаў, і ёсць жаданне «не даставайся ж ты нікому», такія супрацьлеглыя эмоцыі яго раздзіраюць.

«Большасць спартоўцаў будзе маўчаць»

— Але ж самі прарэжымныя спартоўцы, якія ўжо адабраліся, напэўна разумеюць, пад якую ўвагу яны трапяць. Што ў іх пераважыць — жаданне выступіць на самым прэстыжным міжнародным турніры, можа, у апошні раз за кар’еру, ці жаданне, умоўна кажучы, паказаць усяму свету дулю?

— Тут таксама дваістая сітуацыя. Бо ёсць тыя, хто на Алімпіяду трапіць, але выбітных вынікаў паказаць ужо не змогуць, і гэта для іх апошні выхад. У гэтай катэгорыі могуць здаць нервы.

Тым больш, дзесьці на ўзроўні падсвядомасці ёсць такая тэза: калі перамагчы не можаш, але набіў камусьці морду, ужо не ўмоўна, а літаральна, ці калі абразіў кагосьці, «баронячы» рэжым — то дома могуць яшчэ і ўзнагародзіць, не за спартовы вынік, але за праяву такога своеасаблівага «патрыятызму».

Але большасць, мяркую, будзе маўчаць. Як маўчалі яны і раней. Таму што Алімпіяда ў Парыжу для іх — адзін з нешматлікіх шансаў не толькі выступіць на міжнародным турніры, але і захаваць нейкую адпаведнасць крытэрыям нейтральнасці на будучыню, магчымасць стартаваць і пазней. А можа, і задумацца над працягам кар’еры.

Дарэчы, калі прадстаўнікі БФСС аналізавалі магчымасці для беларускай зборнай адносна Алімпіяды, яны сышліся на лічбе ў 20-28 чалавек — прыкладна столькі спартоўцаў агулам могуць і прайсці кваліфікацыю, і адпавядаць шырокім крытэрыям нейтральнасці для АГ, а 28 — максімальная колькасць ліцэнзій для Беларусі.

Цікава, зазначае Анатоль Котаў, што пры гэтым шансы на медалі ў адсоткавым вымярэнні для беларусаў узрастаюць, бо раней зборная была ў некалькі разоў большай:

— «Аптымізацыя» пайшла на карысць адсоткавым вынікам спартоўцаў, бо сярод удзельнікаў не будзе так званых «турыстаў». Пэўныя шансы на 3-4 медалі ёсць, а калі параўноўваць канчатковы вынік з колькасным складам дэлегацыі, гэта адзінае, чым зможа  пахваліцца беларускі Мінспорту ці НАК.

«Толькі Крысціна Ціманоўская з лёгкай атлетыкі будзе прадстаўляць вольных спартоўцаў Беларусі»

— Вядома, хацелася б, каб медалі ўзялі вольныя спартоўцы, якія пацярпелі за сваю пазіцыю, але не здаліся. Аднак з улікам падзей апошніх год прагнозы рабіць цяжка.

На ваш погляд, што для нас будзе поспехам — нейкі сімвалічны медаль, хоць адзін, ці ўжо самая адсутнасць скандалаў на АГ з удзелам беларусаў?

— Тут трэба ўдакладніць, хто такія «мы» — таму што беларускія вольныя спартоўцы на Алімпіяду трапяць, але гэта некалькі чалавек, якія выступяць пад дзяржаўным сцягам Польшчы.

На жаль, не атрымалася ў нас «прабіць» змену крытэрыяў, каб і тыя, хто выказваўся супраць гвалту і супраць вайны, мелі шансы адбірацца — МАК скінуў, па сутнасці, гэтае рашэнне на міжнародныя федэрацыі, а тыя рабілі кожны па-рознаму.

І хоць былі шансы, у прыватнасці, у нашых лёгкаатлетаў, але ў выніку змогуць выступіць толькі тыя спартоўцы, хто паспеў перайсці ў зборныя іншых краін.

У нашым выпадку толькі Крысціна Ціманоўская з лёгкай атлетыкі будзе прадстаўляць вольных спартоўцаў Беларусі — будзем заўзець за яе асабіста і ў складзе зборнай Польшчы.

Чакаем канчатковага пацверджання яшчэ па некалькіх спартоўках, якія яшчэ не страцілі шансы на Алімпійскія гульні. Але агулам трэба канстатаваць, што сітуацыя склалася больш на карысць не нейтральных, а маўклівых, і прынамсі да Гульняў у Парыжу яе змяніць ужо нельга.

Аднак гэта яшчэ не канчатковая кропка, гаворыць Анатоль Котаў. Па выніках Алімпіяды-2024, пэўна, працягнецца сур’ёзная дыскусія, што рабіць у будучым — прадстаўнікі БФСС і Украіны спадзяюцца, што іх аргументацыя аб шансе і фінансаванні для незалежных беларускіх спартоўцаў будзе пачутая.

Цяпер жа стартавала сумесная беларуска-украінская ініцыятыва, скіраваная на верыфікацыю расійскіх і беларускіх спартоўцаў, якія плануюць выступіць на Алімпіядзе. Таму шансаў на несумленную гульню ў рэжымнага спорту ўсё меней.