Марыя Садоўская-Камлач: Калі раней расейскія СМІ стараліся спадабацца беларусам, то сёння стаўленне іншае

Дырэктарка фонду «Свабодная прэса для Усходняй Эўропы» Марыя Садоўская-Камлач — пра тое, наколькі беларусам варта асцерагацца расейскага інфармацыйнага ўплыву, і як ён мяняецца ў апошнія гады.

— Калі лічыць, што ў выгнанні расейскіх медыя каля 80, то прапарцыйна гэта няшмат, — зазначае Марыя Садоўская-Камлач на Свабода Premium, адказваючы на пытанне, ці многія нават незалежныя медыя маюць паслядоўную пазіцыю па асвятленні падзей у Беларусі і вакол нашай краіны. — Гэта некаторыя вядучыя медыя, якія мелі беларускую павестку і да выгнання, часам з моманту свайго стварэння, а таксама тыя, хто калісьці запускаў сваю беларускую частку.

Марыя Садоўская-Камлач

Тое, што ёсць розныя медыя, якія прыхільна і непрыхільна ставяцца да пэўных гульцоў у беларускай, ці грузінскай, ці ўкраінскай апазіцыі і ва ўладах — звычайная справа. Таму што частка расейскіх палітыкаў, медыяў, алігархаў лічаць увесь так званы «рускамоўны свет», свет былога СССР, сваёй інфармацыйнай прасторай.

І калі нам падабаецца тое, што кажуць, — то падчас 2020 года вельмі шмат новаактывізаваўшыхся беларусаў падпісваліся, прыкладам, на Максіма Каца. І тады чамусьці ў іх не ўзнікала пытання, што ён сваімі меседжамі як расіянін таксама аказвае ўплыў на беларускую інфармацыйную прастору.

Дакладна так жа, калі Арастовіч пачаў рабіць першыя камунікаты пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне — беларусы вельмі моцна прыслухоўваліся да яго. Дый зараз шмат хто з беларусаў, напэўна, падпісаны на ўкраінскія ваенныя каналы, чым на беларускія рэсурсы, якія даюць міжнародную павестку.

Суадносна, і расіяне, і іншыя думаюць: калі яны да нас прыходзяць, то мы павінны гэтай аўдыторыі, каб яна ў нас заставалася, даваць і беларускую павестку. І акрамя рэдакцыйнай палітыкі, ёсць задачы па трафіку — а каму будзе цікава, калі нейкі расейскі праект будзе паўтараць за ўсімі беларускімі дэмакратычнымі медыямі павестку проста пра палітвязняў, пра тое, чаго ўдалося дасягнуць дэмакратычным сілам?

Найбольшы эфект дае скандальны кантэнт, таму цікавасць да Беларусі прыцягваецца за кошт нейкіх пастаянных скандальных заяваў.

Пры гэтым, дадае Марыя Садоўская-Камлач, у большасці краін з дэмакратычнымі ўрадамі нават дзяржаўныя медыі маюць «сцяну» паміж рэдакцыйнай палітыкай і ўладамі (як, скажам, хартыя ў ВВС), механізмы, якія аберагаюць медыі ад наўпроставага палітычнага ўплыву.

Але ёсць і тыя, хто не хавае сваёй залежнасці ад пэўных палітычных сіл, альбо алігархаў — і калі гэта робіцца празрыста, то аўдыторыя гэта ведае — «горш, калі б гэта падавалася як незалежная, аб’ектыўная  журналістыка».

Як мяняецца інфармацыйны падыход РФ і яе медыя да беларускай павесткі за апошнія гады? Медыяэкспертка адзначыла:

– Калі раней Беларусь успрымалася як такі рынак, на які трэба зайсці, нейкім чынам спадабацца гэтым беларусам, рабіць нешта, як «Спутнік» рабіў (пра беларускую гісторыю, культуру і г.д.), і толькі кропкава выводзіць на расейкую прапаганду – то зараз зразумела, што на інфармацыйным узроўні Беларусь ужо ўспрымаецца як частка расейскай інфрапрасторы (там, дзе гаворка ідзе пра ваенныя дзенні Расеі на тэрыторыі Украіны), але ў пытаннях больш шырокіх, можна сказаць, светапоглядавых, дзе ідзе гаворка пра супрацьстаянне Расеі, Беларусі і іншых сяброўскіх краін, скажам, «каштоўнасцям ліберальнага Захаду». 

Больш актыўна ідзе ўздзеянне на моладзь. І не толькі праз медыі, але і праз Мінадукацыі, стварэнне розных цэнтраў па падрыхтоўцы да іспытаў.

Здаецца, летась упершыню паехала столькі ж моладзі з Беларусі вучыцца ў расейскія ВНУ, колькі ў заходнія. І я так разумею, што задача ў тым, каб усё больш і больш маладых беларусаў выбіралі гэтую «прывабную, даступную» Расею, а не Захад.

Таму я лічу, што расейскі ўплыў на Беларусь даўно перайшоў межы інфармацыйнага ўздзеяння праз медыя. (Мы бачым) гэта не толькі праз традыцыйнае тэлебачанне і вебсайты, але праз гібрыдныя спосабы данясення інфармацыі: праз розныя графіці, праз надпісы на беларускіх культурных цэнтрах у ЕЗ, праз памкненне падначаліць сабе культурную прастору, cпробы таргетаваць эмігранцкія супольнасці не толькі расейскія, але шырока, расейскамоўныя — расейскі свет спрабуе дагрукацца да тых, хто сумняецца.

То бок, гэты ўплыў адчуваецца і ўнутры Беларусі, і ў выгнанні. І каб штосьці яму супрацьпаставіць, патрэбна большая мабілізацыя розных людзей унутры грамадства, не толькі незалежных медыяў.