Лябедзька: «Будучыня ў Беларусі без Лукашэнкі будзе, і мы мусім быць падрыхтаваныя да рэформаў»

Палітык — пра тое, ці зможа Каардынацыйная Рада ўзяць на сябе і частку паўнамоцтваў Ціханоўскай.

Анатоль Лябедзька

— Я застаюся аптымістам, прыйдзе час Беларусі без Лукашэнкі, і нам патрэбна будзе пазітыўная альтэрнатыва, — адзначыў Анатоль Лябедзка на Еўрарадыё. — І ў залежнасці ад таго, як мы да гэтага падрыхтуемся, мы станем альбо паспяховымі, альбо ў чарговы раз наб’ем шышкі на галаве.

Экс-парламентарый лічыць, што КР цалкам можа стаць паўнавартасным сябрам палітычнага ландшафту дэмакратычнай Беларусі. Але для гэтага ўжо зараз трэба дакладна пазначыць яе функцыі і задачы.

— Для мяне, як і для ўсіх, вельмі важны адказ на пытанне, што такое КР? Ад адказа на гэта пытанне шмат што залежыць.  

На сённяшні дзень для мяне гэта ўсё ж не протапарламент, а толькі кандыдат у протапарламент. Калі прывесці больш зразумелую аналогію, то гэта выглядае, як Грузія — кандыдат у Еўрапейскі Звяз.

Мы ведаем, што такое ЕЗ, як ён функцыянуе, што мусіць рабіць, якія ў яго паўнамоцтвы, дзе палягае адказнасць. Мне б хацелася, каб такая яснасць была ў адносінах да КР. Каб усё зафіксаваць на паперы і потым каб выбаршчыкі ацэньвалі, ці стаў кандыдат паўнавартасным чальцом.

Бо тая самая Грузія можа застацца вечным кандыдатам. Так што я б назваў КР кандыдатам у протапарламент і, магчыма, такой акадэміяй навучання.

Таму што нам за 30 гадоў адсутнасці сапраўднага парламента, канешне, бракуе і ведаў, і палітычнай культуры, і разумення, як функцыянуе прынцып падзелу ўладаў. І людзі, якія прыйдуць у КР, будуць гэтаму вучыцца.

Я б хацеў, каб яны мелі супрацу са сваімі калегамі з іншых краін, каб мелі пэўны статус у міжнародных парламенцкіх арганізацыях, каб маглі там калі не галасаваць, то ўдзельнічаць у працы камітэтаў.

Я кажу і пра Парламенцкую асамблею АБСЕ, і Парламенцкую асамблею Рады Еўропы, і Еўрапейскі парламент. Бо сапраўды можна дамовіцца, каб беларусы мелі там статус наглядальніка. Такую практыку нічым не заменіш.

То бок, на мой погляд, чальцы КР мусяць не толькі працаваць з дакументамі і законамі, з экспертамі, але і на практыцы адпрацоўваць гэтыя механізмы. Бо адным з галоўных мінусаў папярэдніх двух кадэнцый КР была менавіта адсутнасць жадання быць такім протапарламентам.

Не хацелася б, каб яны пераўтварыліся ў арганізацыю нейкіх маленькіх груп з карпаратыўнымі інтарэсамі.

Калі мы гаворым пра нейкія перамены і тых, хто хацеў бы штосьці рабіць, то альтэрнатыў у нас няшмат. Мы мусім быць зараз ва Украіне і абараняць там будучыню Беларусі, і беларусаў там сапраўды куды больш, чым прадстаўнікоў іншых нацый, але гэта яўна не ўсе.

Астатнія не павінны глядзець і чакаць, чым там усё завершыцца. Я зыходжу з таго, што лінія фронту больш працяглая. І на фронце зараз змагаюцца і медыя, і праваабаронцы.

Для мяне частка гэтага фронту і выпрацоўка пазітыўнай альтэрнатывы рэформаў для Новай Беларусі.

Таму калі ёсць людзі, якія здольны гэта рабіць, могуць самаарганізавацца, пісаць рэформы, ладзіць экспертызу, то гэта трэба рабіць.

Паўтару, трэба зыходзіць з таго, што будучыня ў Беларусі без Лукашэнкі будзе, і мы мусім быць падрыхтаваныя да рэформаў. І гэты партфель мусіла б напаўняць і КР, далучаючы да сваёй працы ўсіх беларусаў, якія ў гэтым зацікаўленыя.

Трэба падключаць да працы экспертаў, як беларускіх, так і міжнародных, каб не прыдумляць ровар, бо многія рэформы ўжо паспяхова рэалізаваны ў той жа Польшчы, Эстоніі, Чэхіі.  Гэта трэба вывучаць і спалучаць з нашай рэчаіснасцю, — упэўнены Лябедзька.

Палітык дапускае, што КР зможа ўзяць на сябе і частку паўнамоцтваў Святланы Ціханоўскай.

— У прынцыпе, гэта магчыма. Святлана Ціханоўская і яе каманда выдала КР велічэзны аванс. Зараз на Мальце падпісана пагадненне паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўрапейскім парламентам, дзе прапісаны ўмовы і для КР, прапісана тое, што яна таксама з'яўляецца прадстаўніком беларускага народа.

Гэта вялікі крэдыт даверу. І пад яго патрэбна працаваць.

У любым выпадку, у КР ёсць міжнародная суб'ектнасць, і гэта вельмі важна. Яна можа стаць той пляцоўкай, з якой можна рухацца наперад.

Так, можа быць і падзеленае лідарства ў сусветнай палітыцы. Калі КР зафіксуе некалькі найважнейшых накірункаў, возьме за іх адказнасць і будзе працаваць, будзе вельмі добра.  

Я хацеў бы спадзявацца, што КР выйдзе са статуса кандыдата ў протапарламент і стане сапраўдным протапарламентам. Што яна насамрэч напрацуе вялікі пакет рэфармаванняў для Новай Беларусі, абмяркуе іх з найбольшай колькасцю беларусаў, прапусціць праз усе міжнародныя экспертызы і ўзгодніць з рознымі палітычнымі групамі.

Магчыма, не толькі тымі, якія зараз ідуць у КР, але і тымі, якія па тых ці іншых чынніках не дайшлі.  

Калі ўсё вернецца да сітуацыі такой гаварыльні, значыць, яшчэ нейкі месяц-другі да КР будзе нейкая цікавасць, але потым усё сціхне і вернецца да таго стану, які мы маем сёння і які нас не задавальняе, — патлумачыў палітык.