Общество

Наталля Север

Лаўрухін: «Страцілі ўсе: дзяржава — падаткі, выкладчыкі — працу, а спажыўцы — якасныя паслугі»

Эксперт у сферы адукацыі, research director інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэй Лаўрухін — пра ліквідацыю моўнай школы Streamline.

— Тут можа быць і барацьба з прыватнай адукацыяй увогуле, і прынамсі з усім еўрапейскім, — адзначае Андрэй Лаўрухін у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Валоданне мовамі — гэта дакладна такі еўрапейскі падыход.

Андрэй Лаўрухін

Хто вывучае мову? Людзі адпаведнай ідэнтычнасці, якія так ці інакш зарыентаваны ў той бок.

Але ж, як вядома, пад гэтай палітычнай хваляй зараз у Беларусі адціскаюць шмат бізнесаў.

«Стрымлайн» у гэтым кантэксце асабліва прываблівы. Не выключаю, што хтосьці вырашыў такім чынам нейтралізаваць канкурэнтаў, ці наўпрост адабраць бізнес.

— Тое ж самае мы назіралі ў медыцынскай прыватнай сферы.

— Так. Уладальнікі школы маглі адмовіцца ўдзельнічаць у нейкіх фінансавых схемах рэжыму ці ідэалагічных. І такое цалкам імаверна.

Нагадаю, як тое было ў ЕГУ, калі ён яшчэ працаваў у Менску. Яго не адразу закрылі. Спачатку прапанавалі, маўляў, Міхайлаў (Анатоль Міхайлаў — тагачасны рэктар ЕГУ) хай размаўляе з донарамі і выцягвае з іх грошы, а рэктарам будзе наш чалавек з міністэрства адукацыі, цалкам лаяльны і ідэалагічна правільны.

Таму тут можа быць шэраг сцэнароў. Але гэта ўжо сімптаматычная заканамерная падзея для сённяшняй Беларусі. Такое, на жаль, ужо не ўспрымаецца як нешта надзвычайнае.

— А як страта такой школы адаб’ецца на людзях, настаўніках ды вучнях?

— Настаўнікі страцілі працу, а вучні, беларусы, — якасную адукацыю, якую гарантавала школа «Стрымлайн». Там быў адпаведны досвед, узровень выкладчыкаў, распрацаваныя свае методыкі, наладжаныя ўсе неабходныя працэсы, было выдатнае тэхнічнае забеспячэнне.

То бок тры істотных складніка — высокапрафесійныя выкладчыкі, тэхналагічная і метадалагічная падтрымка і камунікацыя. Здаецца, у іх сярод настаўнікаў былі і носьбіты мовы.

Зразумела, што тыя, хто хоча вывучаць мовы, знойдуць настаўніка. Між тым для ведання мовы важна не толькі індывідуальнае, але і групавое навучанне, што не кожны асобны настаўнік можа забяспечыць.

І яшчэ адно — школа плаціла падаткі дзяржаве, а зараз бізнес проста сыйдзе ў шэрую зону.

То бок страцілі ўсе: дзяржава — падаткі, выкладчыкі — працу, а спажыўцы — якасныя паслугі.

Заўважу, што апошнім часам уладам падабаецца ўсё знішчаць, нават не заўсёды з нейкай канкрэтнай мэтай. Да ўлады дарваліся людзі, якія не ўмеюць ствараць, а ўмеюць толькі нішчыць.

Да таго ж, да моваў яны наўрад ці здольныя, ім мовы непатрэбныя, гэта вельмі складана. А ў іх утульным свеце ўсе трэба спрашчаць.