Общество

Юлія Кот

«Камусьці гэты ўнёсак дапаможа выратаваць жыццё і здароўе, камусьці дазволіць перажыць змрочны час»

Кошык для падтрымкі беларускіх палітвязняў (і не толькі). Што такое Міжнародны гуманітарны фонд і як ён будзе працаваць.

19 верасня ў Вільні было абвешчана аб запуску Міжнароднага гуманітарнага фонду (IHFPP), мэта якога — аказанне дапамогі і падтрымкі беларускім палітвязням і іх сем’ям.

«Салідарнасць» пабывала на сустрэчы з кіраўнікамі гуманітарных арганізацый і лідаркай дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай і распавядае, што вядома на сёння — у пытаннях і адказах.

Чакайце, пра стварэнне фонду ўжо казалі паўгады таму?

Так, але не зусім. У красавіку, падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Нарвегію,  ідэя была публічна агучаная — і знайшла падтрымку ў прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў гэтай краіны. Нарвегія ж падала прыклад і зрабіла адзін з першых унёскаў — €850 тысяч. Аб падтрымцы фонду заявіла і Швецыя — €430 тысяч ад яе папоўнілі гуманітарную скарбонку.

Але. Пакуль не падпісаныя канчаткова афіцыйныя дамовы з першай краінай-донарам, патраціць грошы на дапамогу палітвязням немагчыма. І рэч якраз у тым, што такі кантракт з Нарвегіяй — на фінальнай стадыі ўзгаднення.

Прадстаўнік Службы хуткай гуманітарнай дапамогі Аляксей Лявончык гаворыць, што гэта справа некалькіх нават не тыдняў, а дзён. Больш за тое, першыя выплаты беларусам, якія звярнуліся па дапамогу, плануецца здзейсніць ужо да 5-8 кастрычніка.

Дапусцім. Але ў беларусаў столькі ініцыятыў салідарнасці, для чаго яшчэ адзін фонд?

Сутнасць у тым, гаворыць Святлана Ціханоўская, што ён створаны не замест існуючых гуманітарных праграм, а ў дадатак да іх:

— Мы пачалі працу па стварэнні яшчэ ў пачатку 2023 году, калі стала зразумела, што рэпрэсіі працягваюцца, а колькасць палітзняволеных расце. Лепшай навіной было б, калі б гэты фонд быў увогуле непатрэбны — але мы бачым, што патрэба ў ім толькі павялічваецца, і гэта, на жаль, наша рэальнасць.

Людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсій, дапамога патрэбная не калісьці у будучыні, а зараз, а падтрымкі, якая збіраецца данатамі і якую аказвае Еўразвяз, ужо недастаткова.

IHFPP, паводле слоў Ціханоўскай — гэткі «кошык», у які «ўсе тыя, каму не абыякавы лёс беларусаў, якія змагаюцца за нашую краіну, могуць зрабіць унёсак — не толькі ўрады, але і арганізацыі, а таксама мецэнаты. Камусьці гэты ўнёсак дапаможа выратаваць жыццё і здароўе, камусьці дазволіць перажыць змрочны час».

— Гаворка не пра стварэнне чагосьці зусім новага, чарговага фонду, а пра тое, што ў нас з’яўляецца больш магчымасцяў і сродкаў для дапамогі, — дадае прадстаўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская.

А навошта гэта Нарвегіі і Швецыі?

Святлана  Ціханоўская згадвае, што якраз Нарвежскі нобелеўскі камітэт прысуджае прэмію міру — і ў 2022 годзе яе ўладальнікам стаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Магчыма, таму якраз Нарвегія першай адгукнулася на ідэю стварэння фонду.

У кіраўніка BYSOL ёсць і іншае тлумачэнне:

— Калі глядзець на гістарычны працэс апошніх 100 год, у краін Поўначы, Nordic Countries, вельмі глыбока ўкаранёны прынцып салідарнасці. Бо даўней гэта былі краіны з вельмі нізкім даходам, людзі галадалі і былі вымушаныя з’язджаць у Лацінскую Амерыку, у Паўночную Амерыку. Таму яны вельмі добра ведаюць, што такое ўзаемная  падтрымка, што значыць не губляць карані.

Вось мы зараз знаходзімся ў Літве — а першай краінай, што прызнала незалежнасць Літвы, была Ісландыя, хоць здавалася б, дзе адны, а дзе другія. Проста ім гэта знаёма. Таму, мяркую, краіны Паўночнай Еўропы невыпадкова ў ліку першых адгукнуліся і на нашу прапанову.

З кім яшчэ вядуцца перамовы, якія краіны або міжнародныя арганізацыі могуць далучыцца да фундацыі? Пра гэта «Салідарнасць» запыталася на прэс-канферэнцыі.

— Перамовы ідуць з усімі міжнароднымі партнёрамі. Я вельмі спадзяюся, што амаль усе краіны Еўразвязу паўдзельнічаюць, а таксама нашыя партнёры за акіянам, — адказала Святлана Ціханоўская.

— Не магу агучыць назвы краін, але праца ідзе даволі інтэнсіўная, і ў хуткім часе, думаю, мы зможам абвесціць пра новых данатараў, — дадаў Андрэй Стрыжак. — Тут вельмі важны першы крок, усе чакаюць яго, і калі будуць першыя практычныя вынікі, тады рух пойдзе лягчэй.

Хто гарантуе, што дапамога пойдзе па прызначэнні?

На слова, безумоўна, верыць ніхто не мусіць, але і адкрытыя справаздачы нельга рабіць з меркаванняў бяспекі вязняў і іх блізкіх, якіх рэжым пераследуе за салідарнасць.

Дзеля большай празрыстасці і кантролю кіраванне фондам — калектыўнае. Рашэнні прымаюць прадстаўнікі 8 гуманітарных арганізацый, у тым ліку Служба хуткай гуманітарнай дапамогі (By_Help, BYSOL, Dissident.by, «Краіна для жыцця»), Вольныя, INeedHelpBY. А адміністрацыйны партнёр фонду — Нарвежскі Хельсінскі камітэт.

Іх працу, у сваю чаргу, будзе кантраляваць назіральная рада з 9 чалавек: прадстаўнікі медыясупольнасці, міжнародных партнёраў і гуманітарных арганізацый.

Ні Аб’яднаны пераходны кабінет, ні Офіс Святланы Ціханоўскай, як прагучала на сустрэчы, у працу фонду «ўмешвацца не могуць і не будуць», але будуць займацца адвакатаваннем на міжнародным узроўні.

Каму ўрэшце будзе дапамагаць фонд?

Перадусім у фокусе ўвагі, пра што казалі і раней, — палітвязні і іх родныя, якія застаюцца ў Беларусі, у тым ліку сем’і з няпоўнагадовымі дзецьмі, якім недастаткова аднаразовай грашовай дапамогі; таксама тыя, хто прайшоў праз катаванні.

— Галоўная мэтавая група — палітвязні на тэрыторыі Беларусі, і сем’і тых, хто сядзіць у вязніцах, бо за мяжой з аказаннем падтрымкі трошкі лягчэй, ёсць іншыя інструменты, — гаворыць Аляксей Лявончык. — Натуральна, калі будуць з’яўляцца іншыя краіны і бізнесы, гатовыя заданаціць, і рэсурсаў стане больш, то кола тых, каго фонд падтрымлівае, можа быць павялічанае.

Пры гэтым адміністрацыйныя выдаткі мяркуецца зменшыць, у ідэале, да нуля — каб усе 100% грошай з рахункаў фонду ішлі на дапамогу беларусам.

Але ж беларускія ўлады гэта проста так не праглынуць: данаты і атрыманне дапамогі могуць быць небяспечнымі?

Дзеля таго, каб спыніць дэмакратычныя краіны і прымусіць іх не данаціць у Міжнародны гуманітарны фонд, беларускія ўлады «могуць зрабіць амаль нічога», мяркуе Святлана Ціханоўская.

— Могуць закрыць уезд у краіну, альбо адабраць лецішча пад Мінскам, калі ў кагосьці з еўрапейскіх лідараў яно ёсць, — кпіць Стрыжак, — ці там, забараніць адпачываць у нашых здраўніцах. У гэта я веру насамрэч: яны жывуць у сваім свеце. Могуць надзімаць шчокі і казаць, не рабіце вы гэтых данатаў. Але фактычна адносіны паміж уладай, якая зараз у Мінску, і заходнімі краінамі — яны на такім узроўні, што гэта ні на што не будзе ўплываць.

Што да бяспекі саміх атрымальнікаў дапамогі — пратаколы на гэты конт ва ўсіх фондаў салідарнасці выпрацаваныя і ўдасканальваюцца. Зразумела, увесь час рэжым спрабуе перарваць ланцужкі ўзаемадапамогі — але за чатыры гады, хоць было некалькі моцных атак і аблаў, сістэма гарызантальных сувязяў беларусаў выстаяла.

— Людзі атрымліваюць дапамогу і, што яшчэ больш важна, звяртаюцца па яе. Практыка паказвае, што цікавасць да гэтага не падае, і мы будзем аказваць падтрымку і дастаўляць дапамогу бяспечна, як рабілі і раней.

Дзеля разумення аб’ёмаў дапамогі, у якой беларусы маюць патрэбу, Андрэй Стрыжак прывёў некалькі красамоўных лічбаў. Штогод BYSOL адкрывае прыкладна 300 персанальных збораў, штомесяц паступае каля 30 запытаў ад палітвязняў, на тыдзень прыходзіць 10-15 заяў на эвакуацыю (не ўсе рэалізуюцца, але нярэдка эвакуююць цэлыя сем’і, да 5-7 чалавек).

Читайте еще

Конвейер репрессий. Вышла на свободу Ольга Золотарь. Дмитрия Дашкевича начали судить по новому обвинению. «Хапун» в Глубоком – задержаны не менее 12 человек

Беларус, сбежавший от призыва: «Получил свои первые права. Но не на вождение автомобиля, а на управление яхтой»

Марыя Садоўская-Камлач: Калі раней расейскія СМІ стараліся спадабацца беларусам, то сёння стаўленне іншае

Конвейер репрессий. Как юрист Зенкович выглядит после 3,5 лет в заключении. Стали известны фамилии всех 37 политзаключенных, выпущенных по амнистии. КГБ задерживает учителей со всей Беларуси по делу «Адукаванкі»

Дроздовский: «В странах Европы около 15% людей с инвалидностью, а у нас 6%. Как так может быть?»

Гребенщиков: «Людей учат, что только они правы, а все остальные — враги. С этим очень тяжелым наследием придется справляться не один десяток лет»