Политика

Ірына Верабейчык

«Гледзячы па ўсім, у Лукашэнкі ёсць рэзідэнцыя ў Эміратах. Візіт у Аман — гэта, што называецца, па дарозе»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра тое, дзеля чаго правіцелю Беларусі спатрэбіліся візіты ў Аман і ААЭ.

Беларуская прапаганда і дзяржаўныя медыі падаюць чатырохдзённы візіт Лукашэнкі ў Аман як важны крок у міжнароднай палітыцы. Хоць насамрэч, калі прадрацца праз карункі фармулёвак кшталту «прывіталі двухбаковыя намаганні па актывізацыі супрацоўніцтва» і «падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні», ніякіх асаблівых вынікаў гэтай паездкі не бачна.

Лукашэнка ў Амане

Як, зрэшты, і мінулай, якая адбылася ў 2007 годзе. На нібыта закладзеным тады «падмурку двухбаковых стасункаў» за гэты час так і не прарасло колькі-небудзь значных праектаў, а тавараабарот паміж Беларуссю і Аманам на 2023 год склаў усяго 5 мільёнаў долараў. Тады ў чым сэнс гэтага візіту для беларускага рэжыму, альбо асабіста для Аляксандра Лукашэнкі?

— Не ўпершыню апошнімі двума гадамі Лукашэнка наведвае краіны, з якімі зусім мізэрны гандлёвы абарот, у якіх няма беларускай амбасады, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч. – Па вялікім рахунку, гэтыя краіны Беларусі нецікавыя.

Тым не менш, дзяржаўныя медыя падаюць гэта як чарговы дыпламатычны прарыў. Гэтым разам было тое ж самае.

Валер Карбалевіч

Калі б Аман быў бы Беларусі цікавым, то і гандаль быў бы большым, і іншыя накірункі супрацоўніцтва развіваліся б.

Сэнс візіту, на думку суразмоўцы, распадаецца на некалькі частак, адна з якіх наўпрост звязаная з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі — 18 снежня з’явілася паведамленне, што беларускі правіцель адразу з Аману паляцеў у гэтую краіну.

— У Эміраты Лукашэнка ездзіць кожны год адпачываць пад выглядам рабочага візіту, — нагадвае Валер Карбалевіч. — Гледзячы па ўсім, у яго там ёсць асобная рэзідэнцыя, вялікая ці малая. І таму візіт у Аман — гэта, што называецца, па дарозе ў Эміраты. Бо ён быў больш падобны на турыстычны: Лукашэнка пазнаёміўся з музеем, з портам…

— Мэты паездкі ў Эміраты прэс-служба правіцеля падае максімальна няпэўна: шэраг сустрэч і перамоў, у тым ліку наконт працягу і развіцця супрацоўніцтва. То бок, за гэтым можа стаяць звычайны водпуск?

— Так, думаю, гэта проста адпачынак. Але прэс-служба чамусьці саромеецца пра гэта напісаць, таму падае паездку як працоўны візіт. Хоць гледзячы па папярэдніх ягоных паездках, ніякіх сур’ёзных сустрэч на вышэйшым узроўні, як правіла, няма.

І цяпер, мяркуючы па сціплым паведамленні прэсавай службы, ніякай працоўнай праграмы візіту няма, і хутчэй за ўсё, не будзе.

Атрымоўваецца вонкава не вельмі прыгожа. Бо калі гаворка пра рабочы візіт, то павінны быць запланаваныя нейкія сур’ёзныя сустрэчы, а калі адпачынак, то ўсё зразумела, і ніякіх прэтэнзій на нейкія перамовы няма. А тут — не тое і не сёе.

Але ж сэнс у гэтых візітах яшчэ і ў тым, што трэба даказаць грамадству, эліце, наменклатуры, замежным суб’ектам, што ў краіны ёсць замежная палітыка. Маўляў, бачыце, Лукашэнка сустракаецца не толькі з расійскімі губернатарамі, але і ў іншыя краіны ездзіць і з іх кіраўніцтвам сустрэчы ладзіць.

Задача — паказаць, што няма ніякай міжнароднай ізаляцыі, што большасць краін свету, у адрозненне ад краін Захаду, нібыта прызнае Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.

Аднак вялікага плёну — эканамічнага, гандлёвага — ад гэтых візітаў звычайна няма, таму сэнс у іх палітыка-сімвалічны, піяраўскі.

Пры гэтым, заўважае Валер Карбалевіч, дзіўна тое, што з суседнімі краінамі ў Беларусі даволі вялікі гандлёвы абарот, хоць Лукашэнка ў гэтыя краіны ні нагой:

І чым менш Лукашэнка ездзіць у тыя краіны, тым большы гэты абарот. А вось там, куды ён наведваецца, альбо зусім нічога няма, альбо якія $5 мільёнаў, як у выпадку з Аманам. І гэта вялікі парадокс беларускай замежнай палітыкі.

— Жаданне адпачыць натуральнае і зразумелае, але ці да адпачынку, калі да «выбараў» у Беларусі застаўся месяц з невялікім? Альбо ўсё настолькі зачышчана, што на гэты конт Лукашэнку няма аб чым перажываць?

— Ну а што «выбары» — яны ідуць па звыклым сцэнары, ніякіх праблем для рэжыму на гарызонце няма.

Тым больш, дасюль Лукашэнка дэманстраваў даволі вялікую актыўнасць, сустракаўся кожны дзень, ладзіў нейкія нарады і паездкі. І да канца года яшчэ, як я разумею, запланаваны візіт у Расію на нефармальны саміт СНД — таму доўга адпачываць не атрымаецца.