Цыганкоў: «І чаму Лукашэнка не заявіў, што беларускія самалёты пазьбівалі ўсе ўкраінскія дроны і выратавалі Пуціна?»

Палітычны аглядальнік — пра атаку на Пуціна і тое, як сталася, што людзям перастала быць патрэбная аб’ектыўная рэальнасьць.

— Калі чытаў «Сто гадоў самоты» Маркеса, мяне, бадай, найбольш уразіў эпізод расстрэлу мірнай дэманстрацыі, «бананавая бойня», — піша Віталь Цыганкоў. — Тры тысячы (у Маркеса) чалавек забілі, а ўлады пераконвалі, што гэтага не было. «В Макондо, где введено военное положение и по ночам производятся обыски и люди исчезают бесследно, все средства информации вдалбливают населению, что никакого расстрела не было и Макондо самый счастливый город на свете...»

Я чытаў гэты твор у юнацтве, у канцы 1980-х, і думаў, як добра, што ў наш час такое немагчыма. А тым больш было перакананьне, што такое немагчыма ў 21-м стагодзьдзі, калі тэхнічныя магчымасьці дазваляюць сачыць за кожным перасоўваньнем тэхнікі, калі са спадарожнікаў відаць у рэжыме жывога эфіру літаральна ўсё. Калі, здавалася б, немагчыма нічога істотнага схаваць.

Віталь Цыганкоў

І вось мы маем у наш час — напрыклад, «атаку 91 дрона» на рэзыдэнцыю Пуціна, якую Украіна называе расейскім фэйкам, закліканым сарваць перамовы. «Атаку», пра якую, як высьвятляецца, пры ўсім фантастычным разьвіцьці сучаснай тэхнікі, ніхто нічога дакладнага сказаць ня можа (ня хоча). Дык была спроба замаху ці не?

Для кіраўнікоў сярэднеазіяцкіх краінаў напад быў. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў асудзіў паведамленні пра «атаку» на рэзідэнцыю Пуціна і выказаў «сур’ёзную занепакоенасьць».

Прэм’ер-міністр Індыі «надзвычай занепакоены» паведамленьнямі пра замах і заклікаў усе бакі да дыялогу

Для Лукашэнкі канешне, замах быў — я нават зьдзіўляюся, чаму ён не заявіў, што беларускія самалёты адразу ўзьляцелі, пазьбівалі ўсе ўкраінскія дроны і выратавалі Пуціна

А для еўрапейкіх лідараў ніякага замаху не было, бо гэта фэйк ад Пуціна

Для Кітая, як заўсёды, усё не адназначна, і Кітай заклікае ўсе бакі прытрымлівацца прынцыпу «без эскалацыі» і не дапускаць пашырэньня канфлікту (гэта ў іх такі копіпэйст на ўсе выпадкі жыцьця)

Для Трампа замах спачатку нібыта быў, а потым, калі разабраўся – то нібыта і не было. Але хто ведае, што будзе заўтра.

Нейкія «Дроны Шрэдынгера»

Бо мы жывем у сьвеце не фактаў, а іхняй інтэрпрэтацыі — у залежнасьці ад палітычных інтарэсаў. Ужо ня важна, што адбудзецца — рэакцыю на любую падзею тых ці іншых краінаў можна загадзя прадказаць.

Мы жывем у сьвеце, дзе мільёны людзей вераць у «плоскую зямлю» — што тады казаць пра нейкія «дакладныя факты».

Мы жывем у сьвеце, дзе многія маладыя захапляюцца СССР, бо перакананыя, што там усё было і ўсяго хапала, савецкія людзі езьдзілі за мяжу і ўсім раздавалі бясплатныя кватэры.

Мы жывем у сьвеце, дзе сухія лічбы пра ўзровень злачыннасьці сярод тых ці іншых нацыянальнасьцяў некаторыя называюць ксенафобіяй. 

Высьвятляецца, што нікому не патрэбная аб’ектыўная рэальнасьць.

«Лыжкі няма».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)